Фотарэпартаж: Дзявяты фестываль Grodno Jazz адкрыўся ля Новага замку (+ відэа)

Джазавы фестываль у Гродне традыцыйна праходзіць два дні. Карэспандэнты “Твайго стылю” не пабаяліся кепскага надвор’я, пабывалі на першым дні і паслухалі выканаўцаў з Беларусі, Польшчы ды Злучаных Штатаў Амерыкі.


Праграма першага дня фестывалю была складзена нетыпова – у самым пачатку выступіў гурт, які мог лічыцца хэдлайнерам – польскі Piotr Baron Quintet. Палякі, якіх запрасіла Генеральнае консульства Польшчы, гралі даволі складаны сучасны джаз для падрыхтаванай публікі. Асабліва цікавай падалася апошняя кампазіцыя – аўтарскае пераасэнсаванне польскага нацыянальнага гімна “Rota” пачатку ХХ стагоддзя. Консулы Польшчы прысутнічалі на фэсце, уважліва слухалі і выразна былі задаволеныя выступам сваіх суайчыннікаў.

 

Пасля польскіх гасцей на сцэну выйшла трыа Яўгенні Лятун з крыху больш традыцыйнай праграмай. Музыкі стварылі вельмі спакойную, утульную атмасферу.

 

На жаль, як і год таму, надвор’е цяжка было назваць летнім – час ад часу прысутным прыходзілася хавацца пад парасоны або дрэвы. Можа быць таму людзей у першы дзень фэсту было не надта шмат. Тым больш, другі дзень фэсту абяцае быць больш цікавым, насычаным і разнастайным.

 

У першы дзень выступілі таксама гурт “Игра”і госці з ЗША Debra Annette Lewis Brown і Chantal Camille Brown. На жаль, вакалісты прыехалі без музыкаў, таму спявалі пад “мінус”.

 

Здымкі Людмілы Лебедзь