Хакейны “Нёман” паедзе ў Францыю

|

Менавіта там з 21 да 23 лістапада адбудзецца трэці раўнд Кантынентальнага кубка 2014-2015 гг., удзел у якім возьмуць і гарадзенцы.


Гродна таксама прэтэндаваў на тое, каб правесці гэты турнір у сябе, але арганізатары турніру не задаволілі беларускую заяўку, аддаўшы перавагу французам.

 

Разам з “Нёманам” барацьбу за 2 пуцёўкі ў фінальную стадыю Кантынентальнага кубка будуць весці французкі “Анжэ Дакс”, кіеўскі “Кампаньён-Нафтагаз”, а таксама пераможца кваліфікацыйнага турніра з удзелам польскага “Санака”, румынскай “Кароны”, вугорскага “Дунайвараша” і латвійскай “Прызмы”.

 

У мінулым годзе гарадзенцы занялі на гэтай стадыі турніру 2-е месца, саступіўшы толькі нарвежскаму “Ставангер Ойлерс”, які пазней і выйграў Кантынентальны кубак.

 

Гэтым разам паўтарыць дасягненне будзе няпроста. У складзе гарадзенцаў з мінулай восені змяніліся ўжо два галоўныя трэнеры (спачатку замест Крыўчанкі прыйшоў Пушкаў, а замест таго  – латвіец Цыпрус).

 

Каманду пакінулі таксама лепшы брамнік Ігар Брыкун і таленавіты нападнік Павал Баярчук.  

 

Будучыя супернікі “Нёмана” таксама не належаць да хакейнай эліты, але дакладна будуць сур’ёзнымі канкурэнтамі за выхад у фінал турніра.