Гарадзенскія археолагі вядуць раскопкі ў Ваўкавыску: “Сярэднявечныя шкілеты пахавалі як невядомых салдат Другой сусветнай”

|

Спадар Семянчук (на фота ніжэй) нарадзіўся і пражыў шмат гадоў у Ваўкавыску, час ад часу ён вяртаецца сюды, каб пракрасціся ў таямніцы гісторыі Ваўкавышчыны і расказаць пра гэта сваім сучаснікам. Пра свае даследванні гісторыі Ваўкавышчыны ён пагадзіўся расказаць чытачам volkovysk.by.

 

“Пасля дзевяцігадовага перапынку вялікая археалогія вяртаецца ў старажытны Ваўкавыск. Вяртаецца з вялікімі спадзяваннямі на новыя цікавыя адкрыцці. Абавязковая археалагічная практыка, якая прадугледжана ў вучэбным плане на гістарычным факультэце ў гэтым годзе абрала сваёй мэтай Ваўкавыск. Аб’ектам даследавання лічыцца сярэднявечны раннехрысціянскі могільнік, які ўпершыню даследваўся ў 2005 годзе.

 

Спачатку хацелася б расказаць гісторыю адкрыцця гэтага могільніка. Справа ў тым, што ў той час на гэтым месцы выпадкова быў знойдзены чалавечы чэрап, які спрычініўся прыезду на месца знаходкі не археолагаў, а пашуковага батальёна, які займаецца пошукам рэшткаў салдат Айчыннай вайны, хаця Шведская гара і Замчышча з’яўляюцца археалагічным комплексам, які ахоўваецца дзяржавай. У выніку “плённай” двухгадовай працы вайскоўцаў па эксгумацыі рэшткаў 56 сярэднявечных шкілетаў былі пахаваны ва ўрочышчы Парахаўня як невядомыя салдаты Другой сусветнай вайны.

 

Гэта стала апошнім штуршком да сістэматычнага вывучэння з боку навукоўцаў. Раскопкі тут вяліся і ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, менавіта тады былі знойдзены руіны хрысціянскага храма ХІІ-ХІІІ ст., які хутчэй за ўсё быў разбураны ў час вайны маладога Вялікага Княства Літоўскага і Галіцка-Валынскага Княства. Другім значным адкрыццём стаў вось гэты раннехрысціянскі могільнік. На гэтым могільніку знаходак не вельмі шмат, гэта адносіцца да традыцый пахавання. Язычніцкія пахаванні былі больш багатыя, нябожчыка збіралі ў вялікі шлях, акрамя таго, яго цела крэмавалі. Хрысціян хавалі больш сціпла. З прадметаў, якія часцей за ўсё трапляюцца — жаночыя кольцы. Хаця нейкі час таму ваўкавыскі краязнаўца Віктар Вайтчук знайшоў тут пярсцёнак.

 

Каштоўнасць ваўкавыскага могільніка яшчэ і ў тым, што ён вельмі добра захаваўся, пахаванняў яго стану не шмат у Беларусі. Большасць пахаванняў, якія мы выявілі, датуюцца ХІІІ-XV стагоддзем. Метадычнае даследаванне гэтага помніка дасць нам больш інфармацыі аб гісторыі Ваўкавыска. Адсутнасць пісьмовых крыніц таго часу прывяла да таго, што пачалі з’яўляцца міфы. Напрыклад, міф мра тое, што шведы шапкамі насыпалі Шведскую гару. Спадзяюся, што археалогія разбурыць гэтыя не вельмі сапраўдныя ўяўленні пра гэта месца”.

Да гэтага дадамо, што працы студэнтаў працягнуцца да 18 ліпеня. Яны працуюць ад 7 да 12 гадзіны раніцы і ад 16 да 19 гадзіны ўвечары. У жыхароў горада ёсць цікавая магчымасць паназіраць, як робіцца сапраўдная навука і пазнаёміцца з людзьмі, якія ведаюць шмат пра нашу гісторыю.