“Нёман”: сустрэча з Еўропай была кароткай

|

У сустрэчы з “Хабнарф’ёрдурам”, якая праходзіла 24 ліпеня ў аднайменным прыгарадзе сталіцы Ісландыі нашай камандзе была патрэбная перамога альбо выніковая нічыя з лікам 2-2 і вышэй.

 

Каманда Сяргея Саладоўнікава, аднак, двойчы прапусціла ў канцы кожнага з таймаў (на 42-й і 80-й хвілінах) і выбыла з турніру, паколькі на сваім полі гарадзенцы згулялі з супернікамі ўнічыю 1-1.

 

Гарадзенскі клуб стаў адзінай з беларускіх каманд, якая выбыла на гэтым этапе еўракубкаў.

 

Праўда, і супернік у нашай каманды быў мацнейшы, чым у сталічнага “Дынама”, салігорскага “Шахцёра” ці барысаўскага БАТЭ.

 

Цяпер “Нёману” застаецца дагульваць чэмпіянат краіны. Месца ў першай шасцёрцы зараз дапаможа заваяваць толькі цуд (перамогі ва ўсіх трох гульнях, якія засталіся да канца другога кола чэмпіянату).

 

Таму гарадзенскім заўзятарам трэба настройвацца на тое, што каманду ўвосень будуць чакаць 10 гульняў з камандамі, якія будуць змагацца за 7-12 месцы.

 

Гэта азначае, што наступным летам зноў патрапіць у еўракубкі “Нёман” зможа толькі дзякуючы ўдаламу выступу ў Кубку краіны, як гэта здарылася сёлета, калі каманда дайшла ў гэтым турніры да фіналу.

 

На здымку: гульцы і трэнеры “Нёмана” на стадыёне “Каплакрыкі” у Ісландыі. 

 

Фота: kick-off.by