СУСТРЭЧА ПАКАЛЕННЯЎ

| Без катэгорыі

Рыгор Хасід – гэта жывая гісторыя нашага гораду. Ён чалавек, які ведае 8 моў і шмат павандраваў па свеце, але ўсе роўна ўсе жыцце пражыў у Гродна.


3-га лютага ў памяшканні Таварыства Беларускай Школы адбылася сустрэча маладых журналістаў з Рыгорам Хасідам, кіраўніком габрэйскага аб’яднання імя Найдуса, а таксама адзінага з жывучых сёння вязняў гродзенскага гета.

Паважаны госць распавёў аб мінулым, падзяліўся ўспамінамі аб падзеях, якія адбыліся з ім за 84 пражытых гады. Яго мінулае сапраўды ўражвала, а досведу хапіла б не на адно жыццё. Значную частку з гэтых гадоў Рыгор Хасід выкладаў фізіку ў школах горада. Ён распавёў аб жыцці габрэяў у горадзе ад пачатку мінулага стагоддзя і да сённяшняга дня, параўнаў яе ў перыяды, калі Гродна ўваходзіла ў склад Польшчы, калі горад быў акупаваны фашысцкай Нямеччынай, а затым вызвалены Савецкім Саюзам і, нарэшце, стаў часткай незалежнай Беларусі.

Поўны трагізму, лёс Рыгора Хасіда з’яўляецца паказчыкам жыцця габрэяў Гродна ў цэлым. Ён адкрыў гісторыю сваіх выпрабаванняў маладосці, успомніў аб не раз уставаўшым перад ім этычным выбарам. Госць распавёў аб уцёках з гета, аб тым, праз якія пакуты яму прыйшлося прайсці, каб застацца ў жывых. Апавядальнік не раз успамінаў аб выяве горада, аб яго вонкавым абліччы мінулых дзён, што было асабліва цікавым для маладых слухачоў. Не аднойчы падчас размовы ен звяртаўся да беларускага нацыянальнага пытання, праводзіў паралелі пра беларускую ды габрэйскую мовы, іх агульны трагічны лес. Дзве гадзіны сустрэчы мінулі непрыкметна і не маглі пакінуць раўнадушнымі прысутных.

Жэня ПАЦЭВІЧ