Куды падзецца веласіпедыстам?
Па статыстыцы ДАІ па Гарадзеншчыне ў летні час павысілася колькасць аварый з удзелам веласіпедыстаў. У сувязі з гэтым рэзка павысілася і колькасць аштрафаваных кіроўцаў веласіпедаў. З 10 па 31 ліпеня ДАІ гарадзенскай вобласці праводзіць акцыю па прафілактыцы падобных здарэнняў.
Згодна з пунктам 148 правіл дарожнага руху, пры адсутнасці веласіпеднай дарожкі веласіпедыст мае права карыстацца ўзбочынай, тратуарам і пешахаднай дарожкай. У выніку ж адсутнасці ўсіх вышэйпералічаных прыстасаванняў ці пры немажлівасці перасоўвання па іх дапускаецца рух веласіпедыста па праезжай частцы, не далей метра ад яе края.
Удзельнік веласіпеднага руху Ігар Лапеха, які быў аштрафаваны на 10 000 р., не лічыць мажлівым рух па тратуары з парэбрыкамі. Тым больш, хуткасць веласіпедыста, які едзе побач з пешаходамі не перавышае 5 км/г, то бок хуткасці пешахода. Такія ўмовы робяць карыстанне экалагічным транспартам абсалютна бессэнсоўным, бо на прыстасаванай дарозе веласіпедыст развівае хуткасць 25-40 км, што супаставіма з рухам аўтмабільнай плыні ў горадзе.
Немалаважна і тое, што большасць аварый з удзелам веласіпедыстаў адбываюцца ў сельскай мясцовасці, а не ва ўмовах горада.
Са свайго боку інспектары ДАІ сумесна з камунальнымі службамі абследуюць месцы актыўнага веласіпеднага руху і прадставяць уладам прапанову па абсталяванні новых веладарожак і адпаведных знакаў.
Фота http://lh5.ggpht.com/_F9d1krk2hIg/Sh6uKJPK8iI/AAAAAAAACLY/L7gPVG82UVw/s512/IMG_2903.JPG