“Фантазіі з воўны” можна пабачыць у Музеі гісторыі рэлігіі

На выставе прадстаўлена як традыцыйнае адзенне з валенай воўны з фондаў музея, так і актуальнае сёння. Верхняе жаночае адзенне – світкі, бурносы, латухі, буркі, кабаты – дэманструюць стылёвыя рысы мінулых часоў.

Існавала штодзённае і святочнае адзенне, якое звычайна ўпрыгожвалі каляровымі шнурамі, пярэстымі пампонамі, вышыўкай, аксамітам, дэкаратыўнымі радкамі. Спадніцы-буркі выраблялі з паўшарсцяной валенай саматканкі. Яны лічыліся святочным паясным адзеннем жанчын і былі карацейшыя за традыцыйныя андаракі (зімовыя спадніцы з воўны, тканыя з шарсцяных нітак). Іх насілі, у асноўным, незамужнія і маладыя замужнія жанчыны. Шылі іх з саматканага валенага сукна шэрага, белага колераў. Мода на падобныя спадніцы існавала да 40-х гадоў. Папулярным у нашых продкаў быў і кабат – шарсцяны гарсэт. Ён з’яўляўся састаўной часткай народнага касцюма жанчыны, служыў у якасці безрукаўкі. На Беларусі кабат стаў вядомым з XVI стагоддзя. Шылі яго таксама з валенага сукна. У ранейшым валеннем воўны магла займацца кожная гаспадыня.

 

Як адзначыла старшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Вера Хведчына, для вырабу таго ці іншага элементу адзення ў той час выкарыстоўвалася старажытная тэхніка, якая была вядома здаўна. Найбольшае распаўсюджанне яна атрымала ў XIX ст. Адзенне з лямцу (валенай воўны) выраблялі да сярэдзіны XX стагоддзя.

 

Старажытная тэхніка валення сукна, галаўных убораў, абутку, гаспадарчых рэчаў набывае сёння новае жыццё. Авалодаўшы гэтым незвычайным мастацтвам, перад майстрамі-дызайнерамі адкрываецца мноства магчымасцей для стварэння самых разнастайных прыгожых рэчаў. Менавіта такое мастацтва і з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця гродзенскага дызайнера, аўтара выставы Алены Вітко (Радс).

 

Яна расказвае, што цікавасць да працэсу валення з воўны – выпадковасць яе жыцця. “Аднойчы ў сваёй сяброўкі мне давялося ўбачыць шалік. Ён мяне вельмі зацікавіў, бо быў зроблены з воўны. Пасля яна пазнаёміла мяне з аўтарам цудоўнага тварэння, якая расказала падрабязней пра валенне”, – успамінае дызайнер. Вось з гэтага шаліка ў Алены і пачалося далейшае захапленне валеннем. Яна праглядала разнастайныя відэа-ўрокі ў інтэрнэце, купіла воўну і пачала працу. Канешне, адразу вырабы яе былі непрафесійнымі, але потым з’явіўся вопыт. Па адукацыі Алена – мастак. Зараз ужо прафесійны. Таму, як адзначае майстар, Богам было наканавана ёй тварыць незвычайную прыгажосць.

 

Нягледзячы на тое, што Алена – маці траіх дзетак, яна знаходзіць час на свае цуда-вырабы. Хобі з цягам часу стала любімай працай. Займаецца майстар валеннем з воўны ўжо больш двух гадоў, а вось шыць яна пачала ў дзяцінстве. “Кожны раз я імкнуся да таго, каб неяк разнастаіць калекцыю вырабаў, не засяроджваю ўвагу на адным варыянце”, – заўважае дызайнер. Алена працуе не толькі для сябе. У яе ёсць магазіны, у якіх можна набыць цудоўныя вырабы.

 

Тое, што прадстаўлена на выставе, – сумяшчэнне мінулага з сучаснасцю. Яно дае магчымасць паглядзець, заўважыць змены, якія адбыліся напрацягу некалькіх гадоў. Ранейшае адзенне мела, у асноўным, шэры і белы колеры. Цяпер жа, як адзначае Алена, колер можна выбраць на любы густ. Разнастайнасць колеравай гамы адлюстравана і на выставе. Аўтар прадстаўляе свае работы камплектамі, кожны з якіх мае сваю назву. Вельмі важна – зразумець, што дадзенае тварэнне – гэта вялікае мастацтва. Толькі ў сапраўдных майстроў з невялікага кавалка воўны атрымліваецца ўнікальная рэч.

Выстава будзе дэманстравацца ў Гродне да канца жніўня. У верасні персанальную выставу Алены Вітко (Радс) можна будзе наведаць і ў Лідскім музеі рамёстваў.

 

Фота Яраслава Ванюкевіча