У Гродне пройдуць грамадскія слуханні на тэму даступнасці і якасці адукацыі ў Беларусі
Тэма вытворная ад першага пытання ”Народнага рэферэндуму”, якое гучыць так: “Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?”
На слуханні будуць запрашацца як звычайныя грамадзяне, так і прадстаўнікі ўладаў – дэпутаты, супрацоўнікі аддзелаў адукацыі гарвыканкамаў і профільных камісій мясцовых саветаў дэпутатаў.
Удзел возьмуць Аляксандр Мілінкевіч ад Руху “За Свабоду”, Аляксей Янукевіч і Ігар Лялькоў ад Партыі БНФ, Таццяна Караткевіч ад кампаніі “Гавары праўду”. Вядучым экспертам выступіць прафесар, сябра Грамадскага Балонскага камітэта, былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Уладзімір Дунаеў.
Правядзенне цыклу грамадскіх слуханняў каментуе адзін з каардынатараў «Народнага рэферэндуму», намеснік кіраўніка кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў:
– Сабраўшы 50000 подпісаў, “Народны рэферэндум” стаў сапраўды грамадскай ініцыятывай. Ва ўмовах канфлікту ва Украіне і зменаў грамадскай думкі кожны подпіс ідзе за тры. Зараз мы пачынаем новы этап. Мы гаворым не ад імя нашых арганізацый, а ад імя 50000 грамадзян. Гаворым з уладай, сустракаючыся асабіста з дэпутатамі парламента, з грамадствам – праз грамадскія слуханні. Галоўная ідэя – мірныя перамены ў Беларусі. Першая тэма для такіх абмеркаванняў – “Як зрабіць адукацыю ў Беларусі даступнай і якаснай?” Вынікі цэнтралізаванага тэставання, неабгрунтаваныя цэны, адсутнасць кантролю за якасцю і стандартамі адукацыі з боку грамадства – усё гэта робіць тэму топавай.
Першыя слуханні адбудуцца ў Гродне ў нядзелю, 17 жніўня, у 14.00, вул. Будзённага, 48а, пакой 100.