Маладыя з Гродна на вяселлі замест кветак прымалі дапамогу на сабачы прытулак
Распавядае Юля, якая са сваім мужам Барысам у мінулыя выходныя звязалі сябе шлюбам.
“Ідэя ўзнікла з праблемы. Праз дзень пасля вяселля мы з мужам з’язджаем у вясельнае падарожжа. Дома застаецца мая мама, якая працуе ў навучальнай установе і прывыкла да кветак, але яна пераборлівая – ёй падабаюцца дызайнерскія кампазіцыі, а не букеты ў цалафане. Не хацелася пакідаць на яе гэты цяжар”, – смяецца Юля.
Як пазбавіцца ад кветак? Калі загадзя сказаць, каб не прыносілі – усё роўна прынясуць. Юля пачала шукаць па форумах альтэрнатывы кветкам. На адным польскім форуме прачытала, што людзі дораць і цукеркі, і віно, і кнігі, і перадаюць рэчы для дзяцей-сіратаў.
“Я валанцёрка ініцыятывы “Ружовы слон” – мы дапамагаем гарадзенскаму дзіцячаму дому. Я запытала ў дырэктара, што ім неабходна, а ён адказаў, што зараз у іх няма вялікай патрэбы ў нечым, і што ёсць тыя, каму нашая дапамога зараз патрэбна болей. І тады я ўзгадала пра прытулкі для жывёлаў. Менавіта яны – самы неабаронены слой нашага грамадства! І гэта вельмі цяжкая праца – дапамога ім. Тады мы вырашылі сабраць для іх грошы”.
У запрашэнні на вяселле Юлі і Барыса адразу было прапісана, каб грошы, якія госці планавалі выдаць на букет, ахвяравалі на сабачы прытулак. У сведкі была адмысловая скрыня, куды клалі грошы.
Госці адрэагавалі на незвычайную ідэю спакойна. Некаторыя падыходзілі і дзякавалі за цудоўную ідэю, іншыя зусім не клалі грошы, але абурэння не выказываў ніхто. Адзін хлопчык нават спецыяльна прынес з гэтай нагоды малюнак.
“У нас было каля 45 гасцей, і яны змаглі сабраць 995 тысяч рублёў, 10 долараў і 1000 расійскіх рублёў. Мы купілі велізарны мех сабачага корму, больш за 30 кг розных крупаў і чатыры каробкі з вітамінамі”.
У прытулку “Адданага сэрца”, які знаходзіцца ў прыгарадзе, зараз 27 сабак і некалькі катоў. Калі мы туды прыехалі, там працавалі дзве дзяўчыны і два хлопцы: варылі ежу, фарбавалі і будавалі новыя вальеры для наступных пастаяльцаў – чакалі 11 шчанюкоў.
Некаторыя сабакі жывуць групамі і ўжо навучыліся ладзіць між сабой, але большасці, а тым больш новым, патрэбныя асобныя апартаменты. Таму валанцёры адзначылі, што апроч ежы яны з радасцю прымаюць і будаўнічыя матэрыялы ў любым аб’ёме – шыфер, дошкі, цвікі, металапакрыццё, металічныя сеткі, будаўнічыя паддоны. Набліжаецца зіма і жывёлам патрэбна не толькі ежа, але і, літаральна, дах над галавой.
Размаўляем з Ганнай Фалькоўскай, валанцёркай Гродзенскага грамадскага аб’яднання аховы жывёл “Адданае сэрца”.
“Мы падбіраем усіх сабак – нічыйных, збітых машынамі, шчанюкоў, і шукаем ім новы дом – даем аб’явы ў газеты, ва ўсе сацсеткі, на поштах і ў банках ёсць нашыя праспекты. У нас ёсць рахунак, куды стала паступаюць грошы – бывае і па пяць тысяч рублёў, але мы радыя любой дапамозе”, – кажа Ганна. Гэтых грошай “Адданаму сэрцу” хапае на арэнду дому ў прыгарадзе і памяшкання на вуліцы Гая, дзе жывуць каты.
У прытулак часта прыязджаюць зусім незнаёмыя людзі, прывозяць ежу, “Бобік”, ашыйнікі, павадкі, тазікі, коўдры, дыванкі – тут прымаюць усё. “Калі ў нас гэта ёсць, мы перадаем іншым – катам на Гая, або ў “Спецаўтагаспадарку” на Дамброўскага, дзе сабак нават не кормяць”, – тлумачыць Ганна.
Арганізацыі дапамагаюць школьнікі, якія расклейваюць аб’явы. А таксама фатографы, напрыклад, Наталля Бакей, якая фатаграфуе жывёлаў і робіць плакаты.
Жывёлаў аддаюць не адразу – юрыст склаў дамову аддачы жывёлы пад пашпартныя дадзеныя, бо ёсць людзі, якія бяруць катоў і сабак на дрэнныя мэты. Праз месяц-два валанцёры наведваюцца да “ўсынавіцеляў”, фатаграфуюць жывёлу. У групах у сацсетках выкладаюцца фота сабак у новых умовах – радасных, на крэслах. За апошнія пяць месяцаў новы дом знайшлі каля 30 сабак.
“Усіх жывёлаў, як толькі дазваляе ўзрост, мы стэрылізуем. Ветэрынары ідуць нам насустрач і робяць зніжкі, бо гэтая аперацыя не з танных – 600 тысяч за сабаку. Таксама і тых, хто жыве на вуліцы, калі нам паведамляюць пра іх, – мы стэрылізуем і вяртаем назад. Гэта самы правільны падыход, так жыве Еўропа. Таксама і з катамі – ловяць бяспрытульных, стэрылізуюць і вяртаюць у той жа двор”, – працягвае Ганна.
Акцыя, якую прыдумалі Юля і Барыс, уразіла ўсіх у “Адданым сэрцы”. “Гэта проста нейкі цуд! Я пра такое нават ніколі не чула! – радасна кажа Ганна і дадае: – Больш бы такіх людзей і ідэй!”
Дапамагчы жывёлам, якімі займаюцца валанцёры, можна рознымі спосабамі. Самы просты варыянт пакласці грошы на рахунак – праз СМС-паведамленне. На нумар 553 трэба толькі адправіць паведамленне: “546 сума плацяжу” (напрыклад: “546 10000”).