З тысяч прац знайшлося 20: у Гродне адкрылася пасмяротная выстава Зміцера Іваноўскага
Выстава размясцілася ў “Галерэі Тызенгаўза” ў сутарэннях так званай “Крывой афіцыны” па плошчы Тызенгаўза. Сімвалічна, што самая першая персанальная выстава, якая адбылася ў гэтых сценах яшчэ ў 2001, гэта была акурат выстава Зміцера Іваноўскага. Таму месца для памятнай экспазіцыі зусім невыпадковае.
На выставе сабрана ўсяго 20 прац з большы чым 3000, якія стварыў Іваноўскі. Лёс шматлікіх карцін невядомы, бо мастак ахвотна дарыў іх, таксама нямала куплялі і вывозілі за мяжу. Адна з арганізатарак выставы, гродзенская мастачка Валянціна Брысач, папрасіла тых, хто валодае хоць-якой інфармацыяй, паведаміць, дзе сёння можна адшукаць працы Іваноўскага.
Іваноўскі працаваў у рэалістычнай манеры, характэрнай для гістарычнай тэматыкі, якая ў яго пераважала. Але пры патрэбе мог узяцца не толькі за ВКЛ, рыцараў ці Каложу, але і за вострыя палітычныя тэмы. Не хаваў свайго апазіцыйнага стаўлення да сённяшняй беларускай улады, якое выказваў не толькі ў творчасці, але і ў справах – у сярэдзіне 2000-х неаднаразова трапляў на “суткі” за ўдзел у пратэстах прадпрымальнікаў.
Хаця Іваноўскі не быў ані прафесійным мастаком, ані прафесійным гісторыкам, ягоныя палотны на гістарычную тэматыку, напрыклад, бой паміж крыжакамі і сярэднявечнымі жыхарамі Гродна, адзначаліся рэалістычнасцю і дакладнасцю дэталей. Як мяркуе мастацтвазнаўца Марына Загідуліна, ніша, якую займаў раней Іваноўскі ў мастацтве Гродна, сёння не занятая нікім: “За глабальныя гістарычныя тэмы так, як ён, не бярэцца ніхто”.
За сваё жыццё Іваноўскі займаўся ці не кожным відам выяўленчага мастацтва: скульптурай, разьбой па дрэве, вітражом, графікай, дызайнам памяшканняў, але больш за ўсё любіў алейныя фарбы. “Мастацтва – гэта маё жыццё, гэта ўсё для мяне. Я пераспрабаваў шмат, але алейныя фарбы для мяне засталіся самым любімым сродкам самавыражэння. Чым больш я працую імі, тым больш разумею, колькі яшчэ не ведаю. Імі можна перадаць усё: настрой, пачуцці, тое, што бачыш і што адчуваеш. Тут тысячы магчымасцяў! І на шчасце, няма той мяжы, да якой можна было б дайсці і спыніцца”, – казаў у 2011 годзе ў адным з інтэрв’ю Зміцер.
Па словах дачкі мастака, ён па-сапраўднаму “хварэў” жывапісам. А таксама па-свойму змагаўся за лепшую будучыню краіны, якую вельмі любіў. На жаль, цягам апошніх год ён ніяк не мог дачакацца персанальнай выставы.
Мастаку здаралася выкарыстоўваць і зусім нетыповыя матэрыялы. Як расказаў яго старэйшы брат Мікалай, будучы ў Германіі, Зміцер стварыў копію знакамітай Джаконды з… каўбас і мяса. Такую нечаканую рэч у яго замовілі дзеля рэкламы. Наогул, Іваноўскі нямала працаваў за мяжой, але заўсёды вяртаўся.
Іваноўскі быў не толькі мастаком і грамадскім дзеячам, але і педагогам. Ён вучыў маляваць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, а ў апошнія гады – людзей сталага ўзросту, што наведвалі яго заняткі ў межах Універсітэту Залатога Веку, які працуе ў Гродне. На выставе было нямала яго студэнтаў, якія ўжо ў немаладым узросце прыйшла да мастацтва дзякуючы Зміцеру.
Як даведаліся госці выставы, крыху больш за два месяцы таму памерла гаспадыня “Галерэі Тызенгаўза” Галіна Сарока, таму на адкрыцці хвіліну маўчання прысвяцілі адразу двум асобам, якія пакінулі значны след у культуры Гродна: галерыстцы і мастаку.