Чалавек, якога помняць
Сэрца мастака раптоўна спынілася 5 снежня мінулага года.
Узгадаць добрым словам Зміцера і яго творчасць прыйшлі яго родныя, сябры, калегі, а таксама іншыя людзі, каму пашчасціла мець дачыненні з гэтым чалавекам.
– Зміцер Іваноўскі быў творцам вельмі рознапланавым і таленавітым, які не баяўся брацца за складаныя тэмы, а яшчэ надзвычай добрым і светлым чалавекам. Гэтая думка гучала ў выступах мастацтвазнаўцаў, сваякоў, знаёмых Зміцера.
Сярод людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць пра Зміцера Іваноўскага, былі шмат сталых людзей. Няшмат хто з гарадзенцаў ведаў, што ў апошнія гады жыцця Зміцер вучыў мастацтву малявання слухачоў “Універсітэту Залатога Веку”. Многія з іх прыйшлі на выставу, каб аддаць даніну павагі свайму Настаўніку.
– Было б весялей, каб ён быў зараз з намі – скажа ў час імпрэзы родны брат Зміцера (на здымку ніжэй).
І сапраўды, Гародні вельмі не хапае гэтай светлай асобы, гэтага непаўторнага майстра, чые карціны разляцеліся па свеце, але не мелі шансу ў апошнія гады быць публічна выстаўленымі ў Гродне. Знайшліся “спецыялісты па культуры”, якія ўбачылі ў творах мастака і ў яго асобе сімбал непакорнасці, апазіцыйнасці.
У выніку першая за апошнія гады публічная выстава твораў мастака адбылася толькі пасля яго смерці…
Жыццё кароткае, мастацтва вечнае – казалі ў Старажытнасці. Таму светлая памяць пра Зміцера Іваноўскага яшчэ доўга будзе жыць у сэрцах людзей, якія яго ведалі.
Фота Ірыны Новік