Футбольны “Нёман” праваліў юбілейны сезон

|

Здавалася б, пасля таго, як каманда не выйшла ў шасцёрку наймацнейшых каманд, якая зараз працягвае барацьбу за медалі чэмпіянату, гарадзенскія футбалісты лягуць касцьмі, каб даказаць, што гэта прыкры выпадак.

 

Аднак старт каманды ў другой частцы чэмпіянату даказаў, што праблемы ў “Нёмане” маюць сістэмны характар. Пасля нічыей 1-1 са слабюткім магілёўскім “Дняпром” гарадзенцы ўшчэнт прайгралі 21 верасня “Мінску” (2-4). І гэта пры тым, што абедзьве сустрэчы адбываліся ў Гродне! 

 

У час нядзельнай прэс-канферэнцыі трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў скажа, што кіраўніцтву клуба давялося ўгаворваць футбалістаў не затрымліваць пачатак сустрэчы з “Мінскам” з-за шматмесячнай запазыкі па заробках. Трэнер прызнае, што ў клуба процьма пазыкаў і што гэта наўпрост уплывае на ўзровень гульні.

 

Крытычная фінансавая сітуацыя ў многіх беларускіх камандах выкліканая заганнай практыкай фінансавання каманд за кошт дзяржаўных датацый і “дабраахвотна-прымусовых” спонсарскіх адлічэнняў буйных прадпрыемстваў. У такой сітуацыі ў клубаў проста няма асаблівых стымулаў вучыцца зарабляць самім. Калі ж у дзяржавы ці ў канкрэтных фірмаў ды заводаў пачынаюцца фінансавыя праблемы – гэта адразу адбіваецца на каштарысах футбольных клубаў.

 

Натуральна, што футбалісты, якім месяцамі не плацяць грошы, губляюць матывацыю да гульні, а заўзятары – да паходаў на стадыён для падтрымкі любімай каманды, якая гэтую самую гульню перастае паказваць.

 

Пасля паразы ад “Мінска” гарадзенцы апусціліся на 9-е месца. Сяргей Саладоўнікаў запэўнівае, што зробіць усё магчымае, каб на поле ў Гродне выходзілі толькі тыя, хто сапраўды любіць футбол і гатовы змагацца за гонар каманды. Але ці не запозна?

 

21 верасня. “Нёман” – “Мінск” 2-4 (Хвашчынскі-2, Макась-2; Зубовіч-2)

 

Фота з афіцыйнай старонкі “Нёмана” у Фэйсбуку