Памёр Іван Лепешаў

|

Прафесар Лепешаў пражыў няпростае жыццё. Нарадзіўся ў 1924 г. у вёсцы Іскозы на Віцебшчыне (Дубровенскі раён). Ваяваў, быў паранены.

 

Пасля сканчэння настаўніцкага існтытуту ў Воршы прыехаў працаваць настаўнікам у Свіслацкі раён. Патрапіў пад камуністычныя рэпрэсіі і спазнаў жахі савецкіх канцлагераў у Прыморскім краі (1949 – 1955).

 

Пасля вызвалення зноў вяртаецца на Гарадзеншчыну – гэтым разам у Шчучынскі раён, дзе працуе настаўнікам беларускай і рускай моваў і літаратур.

 

Завочна сканчае (на выдатна) філфак Гродзенскага педагагічнага інстытута (1959) і аспірантуру ў Мінскім педінстытуце (1971).

 

З 1971 года яго лёс непарыўна звязаны з гарадзенскім педінстытутам (пазней універсітэтам). Тут у 1986 г. ён атрымлівае званне прафесара, тут з пад яго рукі выходзяць дзесяткі кніг і сотні навуковых артыкулаў па фразеалогіі, мове мастацкай літаратуры, культуры маўлення і стылістыкі.

 

Тут ён быў сапраўдным НАСТАЎНІКАМ для дзесяткаў сваіх калегаў і тысячаў студэнтаў.

 

Іван Лепешаў не быў публічным чалавекам, але быў вялікім патрыётам і грамадзянінам Беларусі.

 

Такія людзі робяць гісторыю і застаюцца ў гісторыі.

 

Пахаванне Івана Лепешава адбудзецца 15 кастрычніка.

 

Рэдакцыя “Твайго стылю” прыносіць шчырыя спачуванні родным і блізкім Івана Лепешава.