Новы мэр Гродна расказаў колькі зарабляе, якую бачыць стратэгію для горада і дзе ў Гродне будзе вуліца Быкава

Спадар Мечыслаў, ці было нечаканым для вас прызначэнне на пасаду старшыні Гродзенскага гарвыканкама?

 

Не, таму што апошнія сем год я знаходзіўся ў рэзерве кадраў на пазіцыю першага намесніка старшыні аблвыканкама, які курыруе сельскую гаспадарку. Таму рана ці позна пасада павінна была знайсці мяне.


У Беларусі высокіх чыноўнікаў прызначаюць, у той час як у суседніх краінах гэта выбарныя пасады. Можа, і нам варта праводзіць выбары мясцовай улады?

 

Трэба ці не трэба, не магу адказаць. На сёння існуе такі парадак у Беларусі, і гэта замацавана заканадаўча.


Якія задачы вы ставіце перад сабой на новай пасадзе?

 

Апошнія 10 год я працаваў старшынём Смаргонскага райвыканкама. Давялося шмат чаго зрабіць — гэта і рэарганізацыя сельскай гаспадаркі, і абнаўленне прамысловага сектару. Раён за час майго кіравання ўпершыню ў гісторыі стаў чацвёртым па аб’ёме выпуска прамысловай прадукцыі. Атрымалася прыцягнуць замежныя інвестыцыі, што вельмі важна, бо на сёння не хапае заёмных сродкаў. Вось гэтая практыка будзе працягнутая і ў Гродне. Горад інтэнсіўна развіваецца, за апошнія чатыры гады на 26,5 тысячы жыхароў стала больш. Важна, каб гродзенцам было не толькі дзе адпачыць, але і — у першую чаргу — дзе працаваць. Па ўзроўні заробку Гродна ідзе ўслед за Мінскам у рэйтынгу абласных гарадоў. Вельмі важна і надалей трымацца гэтых паказальнікаў.

 

Асобная ўвага будзе нададзена кадравай палітыцы. Вельмі важна, каб больш моладзі прыходзіла ў дзяржаўнае кіраванне. У іх зусім іншыя погляды, больш прагрэсіўныя. Вобразна кажучы, у мэра ў адной руцэ — грошы, у другой — кадры. І толькі пры правільным кіраванні можна дасягнуць балансу.


Два месяцы вы ўзначальваеце гарвыканкам ў Гродне. Якія першыя праблемы ў горадзе ўжо паспелі заўважыць?

 

Я быў здзіўлены, што каля 30% зваротаў грамадзян датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аналіз паказвае, што шмат грошай у ЖКГ можна знайсці, калі ўдасканаліць кіраванне структурамі. Шэраг арганізацыяў выконваюць пасярэдніцкую фунцыю. Яны будуць спрошчаныя.


Віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін заявіў, што да 2017 года беларусы будуць на 100% аплачваць камунальныя паслугі. На ваш погляд, ці гатовыя да гэтага нашыя людзі?

 

Хачу адзначыць, што па вывазу смецця ў Гродна мы амаль выйшлі на поўную аплату. Тое самае і па вадзе. А калі прыбраць усё разгільдзяйства ў ЖКГ, то выйдзем за 100%. Адзінае пытанне стаіць па ацяпленні, мы пакуль не гатовыя да гэтага. Але паступова мы павінны выходзіць на поўную аплату камунальных паслугаў.


Смаргонь падчас вашага кіравання мела досыць высокія паказальнікі па інвестыцыях. Ці ёсць ідэі, якіх інвестараў можна прыцягнуць у Гродна?

 

Перадусім Гродна патрэбныя паслугі гасцініц. Горад гістарычны, яго нездарма называюць каралеўскім. Дзве гасцініцы, якія на балансе горада, проста ніякія. Паслугі пражывання павінны прадастаўляць прыватныя структуры. І гэтага не трэба баяцца. На сферу гандлю, турыстычныя і іншыя паслугі не трэба траціць бюджэтныя грошы. Задача дзяржавы — будаваць школы і дзіцячыя сады, бальніцы і паліклінікі. Уся астатняя інфраструктура можа фарміравацца за кошт інвестараў, беларускіх ці замежных. Гэта мая стратэгія.


А калі звярнуцца да буйных інвестыцыйных праектаў, як, напрыклад, горадаўтваральнае прадпрыемства “Гродна Азот”? Конкурс па продажу акцый не адбыўся. Эксперты, аналізуючы інвестыцыйны клімат Беларусі, кажуць, што адна з прычын нізкай зацікаўленасці бізнэсу — высокі кошт праектаў і звышнагрузка на інвестараў у выглядзе сацыяльных аб’ектаў, якія знаходзяцца на балансе дзяржаўнага прадпрыемства. Што вы думаеце на гэты конт?

 

Я прытрымліваюся той пазіцыі, што ўсёй непрамысловай сферай павінен займацца бюджэт. І я згодны, што прадпрыемствы павінны займацца вытворчасцю, а не цягнуць баласт… Задача “Гродна Азота” — выпускаць угнаенні і плаціць падаткі. А мы на гэтыя грошы павінны ўтрымліваць структуры. Сёлета перадалі пяць інтэрнатаў і чатыры дзіцячыя садкі на баланс горада. Летась — паліклініку “Гродна Азота”. Такую палітыку падзяляе і Гродзенскі аблвыканкам. Што тычыцца продажу акцый “Гродна Азота”, то, наколькі мне вядома, на прапанову інвестара дырэктар прадпрыемства адказаў: “Я з такімі ўмовамі сам з завода зраблю цацку”. Таму тут пытанне, ці патрэбны такі інвестар.


Я б хацела перайсці да сферы адукацыі. Наколькі мне вядома, у Гродне востра стаіць праблема з беларускамоўным навучаннем у садах і школах

 

Калі была б праблема, на працягу двух месяцаў да мяне прыйшлі б і пра гэта сказалі. Напрыклад, пытанне са школай у мікрараёне Вішнявец мы вырашылі. Прэм’ер-міністр даў загад, і сёння будаўнікі працуюць на аб’екце.


Але маё пытанне закранае не інфраструктурную праблему. Вельмі прыкра, што ў горадзе, як вы адзначылі, гістарычным, каралеўскім і, я б яшчэ дадала, прабеларускім, фактычна не засталося навучання па-беларуску.

 

Я не гатовы на сёння адказаць на гэтае пытанне.


Давайце тады пагаворым пра яшчэ адну праблему ў горадзе — кіёскі “Тытунь”, якія з’явіліся на прыпынках грамадскага транспарту. У інтэрнэце вельмі шмат нараканняў. Цыгарэты па-ранейшаму прадаюць у крамах, а цяпер яшчэ і на прыпынках. Як усталяванне такіх аб’ектаў стасуецца з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя і колькі яшчэ ў горадзе з’явіцца кіёскаў з тытунём?

 

Праграма размяшчэння гэтых кіёскаў была прадугледжана летась. Частка з’явілася год таму, частка сёлета. Але ў далейшым іх размяшчэнне не прадугледжваецца. Я асабіста не палю, як і трое маіх сыноў.


Яшчэ адна шкодная звычка ператварылася ў цэлую праблему, прычым не толькі для Гродна, але і для ўсё краіны. Я маю на ўвазе алкагалізм. Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў, 100% забойстваў на Гродзеншчыне здзейснена ў стане алкагольнага ап’янення. Як можна вырашыць гэтую праблему?

 

Тыя забарончыя меры, якія прымаюць некаторыя раёны Гродзенскай вобласці, — забарона продажу пладова-ягадных вінаў, абмежавання часу продажу алкаголя, напэўна, не дадуць таго станоўчага выніку, якога мы хочам. 


Тады якім чынам супрацьстаяць? 

 

Алкаголь жа прадаецца ва ўсіх краінах свету…


Але цэны на алкаголь розныя.

 

Вядома ж, у першую чаргу можна паўплываць цэнамі. Другое — даступнасць алкаголя. У невялікіх крамах крокавай дасяжнасці няма патрэбы прадаваць алкаголь. Павінны быць асобныя кропкі. Але проста забараняць продаж алкаголя немэтазгодна. З’яўляюцца “туры” ў іншыя раёны — хто на веласіпедзе, хто на кані едзе за танным віном. Я калісьці яшчэ выкарыстоўваў прафілактычныя меры — сустрэчы з працоўнымі калектывамі ў прысутнасці ксяндза і бацюшкі, прадстаўнікоў “Ананімных алкаголікаў”.


На мінулым тыдні стала вядома, што на працоўным месцы былі затрыманыя два чыноўнікі Гродзенскага гарвыканкама. Іх падазраюць у атрыманні хабару. Ці вядомыя нейкія падрабязнасці?

 

Я пакуль устрымаюся ад каментароў, паколькі справаю займаецца Следчы камітэт. Адзначу толькі, што адзін з супрацоўнікаў вызвалены ад займанай пасады. Наконт другога рашэнне пакуль не прынятае, паколькі ідуць следча-аператыўныя мерапрыемствы.


Апошнім часам усё часцей стала з’яўляцца інфармацыя пра падобныя выпадкі. Выглядае, што праваахоўныя ворганы сур’ёзна ўзяліся за такія справы. На ваш погляд, як можна стрымаць карупцыю ў Беларусі?

 

Я зараз чытаю кнігу “З трэцяга свету ў першы” былога прэм’ер-міністра Сінгапура Лі Куан Ю. У Сінгапуры, як вядома, карупцыя была вынішчана. Для чыноўніка майго рангу вельмі важна азнаёміцца з такімі выданнямі. Як толькі яго прачытаю, дам дадатковы каментар па гэтай тэме.


Гэта сапраўды выдатная кніга. Але дазвольце ўдакладніць. Многія эксперты кажуць, што перамагчы карупцыю немагчыма без адкрытасці і падсправаздачнасці чыноўнікаў. У суседніх краінах — Польшчы, Літве — грамадзяне могуць без праблем атрымаць поўную інфармацыю пра заробкі і маёмасць чыноўнікаў. У Беларусі чамусьці гэта інфармацыя закрытая. На ваш погляд, ці варта нашым дзяржслужачым паказаць свае даходы народу?

 

Зараз ідзе абмеркаванне закона аб прадухіленні карупцыі, таму вы можаце накіраваць сваю прапанову… 


Такая прапанова ўжо накіроўвалася. Але асабіста вы маглі б агучыць, які ў вас заробак?

 

Я абсалютна нармальна да гэтага стаўлюся. Я пабудаваў дом у Смаргоні. Узяў крэдыт на 40 год пад 1%. Такі быў крэдыт, якім карысталіся практычна ўсе жыхары Смаргоні. Мой заробак — 14 млн рублёў у месяц. Працую я без выхадных. На першы погляд, праца старшыні можа быць незаўважнай. Але калі бачыш поспехі ў адукацыі, медыцыне, калі паступае менш скаргаў, думаеш: і мая заслуга ў гэтым ёсць… 


А ваша сям’я?

 

Малодшы сын пераехаў са мной у Гродна, а старэйшыя засталіся ў Смаргоні. Абодва скончылі Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Адзін працуе ў сістэме міжрайгаза, другі — інжынерам-механікам на “Смаргонскіх малочных прадуктах”.


Апошняе пытанне, яго прасілі задаць гродзенцы. Вельмі доўга абмяркоўваецца стварэнне вуліцы імя Васіля Быкава. Было вельмі шмат зваротаў і просьбаў…

 

Рашэнне па гэтым пытанні прынятае. Вуліца імя Васіля Быкава з’явіцца ў новым мікрараёне Альшанка. Там жа будуць пабудаваныя царква і касцёл.


Даведка Naviny.by 

Мечыслаў Гой нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Шловенцы Воранаўскага раёна. Скончыў Беларускі інстытут механізацыі (1989), Акадэмію кіравання пры прэзідэнце (2004). Працаваў галоўным інжынерам ў калгасе імя Леніна, пазней узначальваў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Агра-правожа”. У 2004 годзе прызначаны старшынём Смаргонскага райвынканкама, у 2014 — старшынём Гродзенскага гарвыканкама. Жанаты, мае трох сыноў. Па веравызнанні — каталік.