Футбольны “Нёман” перамагае, а хакейны – зноў прайграе
Гульні супраць бабруйскай “Белшыны” для гарадзенцаў апошнія сезоны складаюцца ўдала. З далёкага 1999-га года бабруйская каманда не перамагала гарадзенцаў аніводнага разу.
Вось і зараз тры ачкі паклалі ў сваю скарбонку гарадзенцы, якія дагэтуль на другім этапе чэмпіянату краіны толькі расчароўвалі сваіх заўзятараў.
Лёс сустрэчы вызначылі два даволі хуткія галы ў выкананні Лягчыліна і Савіцкага. Калі ж на пачатку другой паловы гульні забіў яшчэ і Зубовіч – гарадзенскія заўзятары маглі адкаркоўваць шампанскае. Усё, на што хапіла гаспадароў – гэта гол з пенальці ў адказ.
“Нёман” перамагае ў гасцёх з лікам 3-1 і застаецца на 9-м месцы ў турнірнай табліцы.
Адзначым, што ўпершыню ў чэмпіянаце на полі ў гарадзенцаў з’явіліся два чарговыя дэбютанты – гульцы “дубля” Гольцаў і Журневіч.
А вось хакейны “Нёман” працягвае ліхаманіць.
Пасля няўдалага ваяжу па ўсходзе і поўначы краіны, дзе гарадзенцы ў чатырох сустрэчах перамаглі толькі аднойчы (3-2 у Наваполацку) нашая дружына саступіла на сваім лёдзе салігорскаму “Шахцёру” з лікам 1-3.
Аўтарам адзінай шайбы ўжо пры ліку 0-3 стаў Хамко.
Пасля чарговая няўдачы каманды стала вядома, што з Гродна ад’едзе дасведчаны латвійскі абаронца Атварс Трыбунцоў. Знайшлі “скрайняга” альбо, як і ў футболе, пачалося пазбаўленне ад гульцоў, якія “абцяжарваюць” зарплатную ведамасць?
Пасля серыі няўдалых гульняў гарадзенцы адкаціліся аж на пятае месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату.
19 кастрычніка.
Футбол. “Белшына”, Бабруйск – “Нёман” 1-3
Хакей. “Нёман” – “Шахцёр”, Салігорск 1-3
На здымку: гарадзенскія футбалісты дзякуюць сваім заўзятарам за падтрымку ў Бабруйску
Фота: fcneman.by