З тунеядцаў прыбытку, як з казла малака. А з Тозіка?

|

А сёлета пачаў з вымовы алімпійскаму камітэту за няправільнае адценне зялёнага колеру сваіх спартыўных штаноў.

 

Патым запусціў эксперымент па свабоднаму продажу малака ў Магілёўскай вобласці.

 

А цяпер, напрыканцы года, распачаў барацьбу з тунеядцамі.

 

Змагацца з лайдакамі вырашыў сілавымі метадамі, а эканамічны ціск на тунеядцаў прызнаў бессэнсоўным.

 

Так і сказаў на нарадзе, якая прайшла 20 кастрычніка, маўляў, лайдак “купіць вінішча ў Мясніковіча, вып’е ды зваліцца пад плот, здароў’я нямашака, і эканамічнай аддачы – нуль.”

 

А вось калі тунеядца возьме за шкірку міністр унутраных спраў Шуневіч, “акуне ў халодную ваду”, тады гультай перакуецца ў карыснага для грамадства суб’екта.

 

Але гэта не так. Не перакуецца. Бо калі Шуневіч усіх гэтакіх засуне ў ваду, то хто тады будзе п’янстваваць бюджэтнае пойла, ашчадна націснутае Мясніковічам?

 

Дапусцім, назбірае Шуневіч тунеядцаў – куды ён іх павядзе, у парк высокіх тэхналогіяў?

 

Усё медыйнае шоў наконт барацьбы з тунеядцамі як раз і накіраванае на тое, каб прыцішыць кампанію бязгуздага экстрэмізму супраць гультаёў, разгорнутую яшчэ з вясны намеснікам прэм’ера Тозікам.

 

Думаю, Прэзідэнт доўга смяяўся, калі даведаўся пра намер Тозіка абкласці тунеядцаў спецыяльнымі падаткамі, бо ён не Тозік, лайдакоў ведае не па чутках, наглядзеўся іх на былых сваіх месцах працы.

 

Мяркую, што Прэзідэнт задумаўся таксама і над такім філасофскім пытаннем, ці не ёсць тунеядцам, напрыклад, сам крэатыўны Тозік.

 

Таму даручэнне Прэзідэнта падрыхтаваць да новага года юрыдычную базу для барацьбы з тунеядцамі ёсць не што іншае, як вяртанне на месца Тозіка, пайшоўшага не ў той бок і дастаўшага ўсіх сваімі дзівацкімі фантазіямі.

 

Затраўлены твар Тозіка на тэлеэкране – найлепшае таму сведчанне.

 

Барацьбітоў з лайдакамі саміх акунулі ў халодную ваду. Адзінае, у чым можна быць упэўненым, дык гэта ў тым, што пад маркаю барацьбы з лайдакамі што-небудзь адбяруць у тых, хто насамрэч зарабляе.

 

Напэўна, рыхтуецца чарговы наступ на сістэму пенсій і пасобій.

 

Сяргей Сноп, іншыя матэрыялы аўтара чытайце на сайце linija_curzona.livejournal.com