Як трава скрозь асфальт: ці дае эфекты беларускі бум у Гродне
“Твой стыль” пацікавіўся меркаваннем на гэтую тэму ў людзей, якія непасрэдна займаюцца развіццём новых беларускіх культурніцкіх ініцыятываў у Гродне.
– Што паспрыяла росту цікавасці да беларускай мовы і культуры ў апошнія часы?
Ігар Кузьмініч, адзін з вядучых курсаў “Мова Нанова Гародня”:
– Адной з асноўных прычынаў, на маю думку, з’яўляецца знішчэнне ўсіх легальных пляцовак, дзе можна было б размаўляць па-беларуску.
Беларусы, якія засвоілі беларускасць у 90-я, імкнуцца знайсці пляцоўку для камунікацыі для сябе і для сваіх дзяцей.
З іншага боку, вырасла цэлае пакаленне моладзі, якая нарадзілася пасля атрымання незалежнасці.
Дзякуючы гэтаму, а таксама дзякуючы анты-беларускай сістэме выхавання і ідэалогіі, частка гэтых маладых людзей спрабуе знайсці сябе праз самавызначэнне, праз вызначэнне свайго стаўлення да беларускасці.
Хрысціна Марчук, каардынатарка грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” на Гарадзеншчыне:
– Тое, што беларускамоўныя культурныя прадукты перайшлі на якасна новы ўзровень годнасці і прывабнасці. Мерапрыемствы і праекты кампаніі “Будзьма беларусамі!”, масавыя моўныя курсы, беларускамоўная рэклама, асяроддзі кшталту менскіх АртСядзібы і галерэі “Ў”, – вось тое, што фармуе абсалютна новае ўспрыманне беларушчыны.
Дадамо таксама да прычынаў незадаволены (ужо гадоў 20) запыт на ідэнтычнасць, які абвострыўся ў сувязі з падзеямі ва Украіне.
Урэшце рэшт, гэта цалкам натуральная з’ява – здаровы інтарэс беларусаў да ўласнай культуры ў які гістарычны перыяд мы не жылі б.
– Якія эфекты ад сваёй працы ў якасці вядучых многіх беларускіх імпрэзаў у горадзе вы бачыце?
Ігар Кузьмініч:
align=”” >
– На жаль, ахоп аўдыторыі курсаў МоваНанова з’яўляецца настолькі абмежаваным, што спадзявацца на эфекты для горада цяжка…
Разам з тым, існаванне нават малалікіх курсаў у горадзе, дзе няма практычна нічога падобнага да беларускамоўнай пляцоўкі, дзе можна сустракацца, абменьвацца меркаваннямі, дзе існуюць умовы для ўдасканалення навыкаў у карыстанні беларускай мовы, робяць іх заўважнымі і нават у некаторай ступені аўтарытэтнымі і ўплывовымі.
Прыблізна такімі як “Паходня” у свой час, толькі без палітычный складовай часткі.
Хрысціна Марчук:
– Беларускай культуры (хоць трошачку 🙂 ) становіцца больш. Усё больш і больш новых твараў сярод тых, хто прыходзіць на нашыя імпрэзы.
Што асабліва мяне цешыць: сярод гаспадароў кавярняў, рэстарацый, іншых грамадскіх месцаў пашыраецца меркаванне, што проста накарміць, напаіць кліента, прадаць яму тавар ці паслугу – гэтага ўжо мала.
Людзі хочуць судакранацца з культурай не толькі ў адпаведных установах – тэатры ці бібліятэцы, але і ў краме, таксі, на вакзале, пад час шопінгу, абедзеннага перапынку, шпацыру па старым горадзе ці нават па ўласным мікрараёне.
Я думаю, задаволіць такі попыт цалкам можа супрацоўніцтва грамадскіх беларускаарыентаваных ініцыятываў з самымі рознымі інстытуцыямі.
Тады карысныя эфекты для ўсіх будуць адчувацца нашмат болей.