Краіна і яе культурная сталіца
Ах, мае вы дарагія і харошыя, не паверыце, што тут пачалося!
Сьпярша з Горада былі выдаленыя як не адпавядаючыя ягонаму высокаму статуту і прызначэнню усе цыганскія ансамблі тупату і сьвісту, усе цыркі ліліпутаў і філармоніі карлікаў, усе нізкапробныя вясельныя ансамблі і сьпевакі пад уласную фанаграму! Пазачыняліся мядовыя кірмашы і выставы-продажы самацьветаў, шубаманіі і кароны, сэканд-хэнды і сумнеўныя начныя клубы, у якіх недасьпелая моладзь спойвалася неякасным і танным алкаголем і насаджвалася на шпрыц, пазабіваліся дошкамі вокны сумнеўных казіно і стрыптыз-бараў.
На галоўнай плошчы пабудаваны велізарны быў шацёр са сцэнай і пастаўленыя ў ім дзесяць тысяч крэслаў! І пачалося!
Па ўсёй краіне лепшыя творчыя калектывы змагаліся за права прыехаць на гасцінныя выступы ў Горадзе. Некаторыя рабілі гэта на ўласны кошт — ведалі, што ўдзячныя гараджане насыплюць ім ў шапку столькі, што ваяж акупіцца з галавою! Нацыянальныя акадэмічныя тэатры, оперныя і балетныя трупы, музычныя калектывы — усе на агульных сходах вырашалі: едзем у Горад — і кропка! Нават выдатны і самабытны тэатр з места Слоніма — і той выракся замежных гастроляў па Бразіліі і Аргенціне на карысць адзінага спектакля, сыгранага тут.
Вандроўныя акцёры, музыкі, сьпевакі і танцоры, паэты і пісьменнікі, мастакі, скульптары і графікі хапалі пад пахі патрэбныя прылады, выстойвалі ў касах колькігадзінныя чэргі па білеты і атаборваліся ў Горадзе. З жыльлём не было праблемаў — гасцініцаў панабудоўвалі аж занадта, а што дабразычлівыя гараджане лічылі вялікім гонарам прытуліць пад сваім дахам Паэта ці Мастака, да таго ж міжнародна вяломага, паілі і кармілі яго задарма — аніякіх сумневаў!
Сьвята ў Горадзе пачыналася з самага ранку і не сканчалася ніколі-на шматлікіх прыгожых гарадскіх вуліцах і плошчах артысты чыталі вершы, музыкі сьпявалі балады, мастакі малявалі партрэты, і усё віравала, кіпела, круцілася, бурліла і шумавацела!
Людзі масава спазьняліся на працу, зачараваныя хараством відовішчаў і узроўнем іх выканання! А адзін грамадзянін, улезшы ў мех штукара-фокусьніка, прапаў, ды так прапаў, што праз тры гады знайшоўся у штаце Алабама, а як ён там апынуўся без пашпарта і візы — толькі фокусьнік ведаў!
Штовечара шацёр на галоўнай плошчы набіваўся прагнымі да класічнай музыкі слухачамі, умастакольваўся на сцэне чарговы сімфанічны ці камерны калектыў, гучала прадмова вядомага музыказнаўцы — і ліліся ў вушы Брамс, Паплаўскі, Малер, Капыцька ці Брукнер, а то і маральна падстаралыя Чайкоўскі і Аладаў з Бакерыні…
І так неяк многа гэтага ўсяго культурнага зрабілася, што аднойчы прэзідэнт Горада і ваявода гэтае часткі Краіны не вытрымалі, пераапрануліся у працоўнае адзенне, укралі увечары з будоўлі бульдозер і зрабілі на усіх уездах і выездах з Горада велізарныя грунтовыя насыпы, убілі ў іх рагаткі, паставілі старожу, якой прыказалі — у Горад нікога больш не ўпускаць, толькі выпускаць! Добра ўсё нібыта: і грошай гандаль назарабляў, і турыстаў панаяжджала як ніколі, і месцічы задаволеныя, бо сьвята кожны дзень — але што занадта, тое нездарова!
І перастаў Горад быць культурнай сталіцай Краіны…
Вы папытаецеся, а што гэта за Краіна?
Не памятаю, даўно гэта было…
А ці не наш гэта Горад?
Дый што вы!
Канешне не наш…
Віктар Шалкевіч, “Вечерний Гродно”