На ровары і электрычках па Беларусі

|

Раней даводзілася бываць у Сінявокай турысткай ці валанцёркай. У гэты раз мне захацелася наведаць тыя мясьціны, пра якія шмат разоў чула, якія бачыла на фатаздымаках, але ўсё ж не магла туды дабрацца.

 

Апраўданьні бываюць разныя – без машыны туды не патрапіш, альбо патрэбна больш часу, якога нават пры наяўнасьці двухтыднёвай візы не хапае. Таму вырашыла ўзяць з сабой ровар – надзейны транспарт, які дазваляе не толькі патрапіць куды душы захочацца, але яшчэ паназіраць за прыродай беларускіх бездарожжаў.

 

Водзячы пальцам па мапе аўтадарог Беларусі я вызначыла месцы, якія ў гэты раз абавязкова трэба наведаць, а таксама тыя, што могуць пачакаць свайго часу.

 

Пляны былі маштабныя. У выніку на ровары я падарожнічала толькі у першыя дні, дабіраючыся да Менску – пазьней перасела на электрычкі й цягнікі – з-за эканоміі часу й капрызнага надвор’я.

 

Акрамя стандартных для маіх паездак у Беларусь мясьцін, то бок Гародні й Менску, у гэты раз мне давялося пабачыць Слонім, Жыровіцы, Косава, Івацэвічы, Баранавічы, Вязынку й Быхаў ды грунтоўна разглядзець Магілёў.

 

Ня буду тут шырока пісаць пра тыя мясьціны – чытачы, хутчэй за ўсё, ведаюць іх нават лепш за мяне.

 

Дабраўшыся на цягніку ў Саколку (вялікі дзякуй польскай чыгунцы за вагоны для ровараў), абрала шлях на Кузьніцу.

 

Фураў бачыла няшмат – у асноўным у бок польска-беларускай мяжы рухаліся легкавыя машыны й мікрааўтобусы.

 

Да мяжы ехалася цяжка – з-за сьпёкі й няспыннага таварыства машын на вузкай дарозе.

 

Мяжа – гэта асобная гісторыя. Калі я ўпершыню пачула пра новаадчынены пешы пераход Кузьніца-Брузгі, адразу ж захацела яго выпрабаваць, заадно й убачыць славутыя памежныя мясьціны – Кузьніцу й Брузгі.

 

Роварная паездка стала для гэтага ідэальнай магчымасьцю. Памятаючы польска-украінскі пешы пераход Медыка-Шегыні, я спадзявалася сустрэць пераход, частка якога абсталяваная выключна для пешаходаў. Але расчаравалася.

 

Пасьля доўгага шпацыру з польскага на беларускі бок даводзіцца праціскацца між машын і стаяць у той жа чарзе з аўтамабілістамі. У чым тут рэвалюцыя, у чым палёгка? Ды й пазнак ніякіх, бачна, што пункт пропуску не гатовы прымаць турыстаў.

 

Памежнік, даведаўшыся пра мае пляны, сказаў толькі адно – мне вас ужо шкада. А мне, галоўнае, не шкада!

 

Апошнія 25 кіляметраў да Гародні – гэта добры асфальт і прыемная дарога, збольшага празь лес.

 

Кароткі перапынак для сустрэч з сябрамі й ужо ў дзьве гадзіны ночы я адправілася у Слонім.

 

Хочацца заўважыць, што вагоны беларускіх электрычак жудасна высокія.

 

Некалькі раз даводзілася адной запіхваць туды ровар з багажам – вось гэта акрабатыка!

 

Найбольш ярка запомніўся другі дзень роварнай авантуры – ня толькі таму што маршрут быў цікавы й насычаны.

 

Трошкі заблудзіўшы, давялося мяняць маршрут, дадаючы сабе кіляметраў.

 

Акрамя таго, я прынцыпова хацела пазьбягаць магістраляў – у выніку трапіла на гравейку, па якой праехала як мінімум 30 км бездарожжа.

 

За гэты час сустрэла каля васьмі машын і ні адной жывой душы (калі ня лічыць вёсак). Відавочна, людзі выбіраюць больш надзейныя дарогі.

 

Ці баялася (пыталі людзі)? Так, непадалёку Акунінава ехала я праз густы лес, на краю якога стаяла адзінокая машына, думкі тады былі разнымі.

 

Калі пачаўся дождж і маланкі, таксама было не да сьмеху. Яшчэ адну частку страху (ці, лепш сказаць, трывогі) выклікаў сам ровар – ці вытрымае, не падвядзе ў глушы?

 

Аднак, наогул, не баялася.

 

У Косаве ізноў трапіла пад залеву. Тут, аднак, не знайшлося прыпынку, дзе можна схавацца й пачакаць лепшага надвор’я.

 

Ды й самай не хацелася чакаць, маўляў, не з цукру я, да Івацэвічаў кіляметраў трынаццаць.

 

Так і накіравалася у бок Івацэвічаў, татальна мокрая ужо пасьля першага кіляметра.

 

Тут даганяе мяне трактар з прычэпам, вакенца адчыняецца, дзядзька пытае, куды мне ў такую жудасную залеву.

 

У выніку ровар закінулі на прычэп, а мяне пасадзілі ў кабінку, дзе я трошкі высахла.

 

Мае “выратавальнікі” моцна зьдзівіліся, убачыўшы пад плашчам дзяўчыну. Яны думалі, гэта хлопец педалі круціць…

 

Зь Івацэвічаў даехала у Баранавічы, а паколькі гадзіна была ня вельмі позняя, змагла яшчэ паглядзець цэнтр горада, вядома – на ровары!

 

Вельмі ўразілі пакоі адпачынку на баранавіцкай чыгунанай станцыі.

 

Цана невысокая, стандарт – супер. Будзеце – раю!

 

Ранкам у наступны дзень даехала (на электрычцы) да Гарадзеі. Адтуль ужо прамая дарога вядзе ў радзівілаўскі Нясьвіж.

 

Праўда, вельмі ранняя гадзіна не дазволіла поўнасьцю скарыстацца візытам у мястэчка.

 

Пабачыўшы ўсё магчымае, я вярнулася па той жа самай дарозе ў Гарадзею, адкуль і дабралася у Менск.

 

Не, у гэты раз таксама не на ровары.

 

Дзён у Менску заўсёды мала, гэтаксама як, калі пройдзе нейкі час, заўсёды цяжка ўзгадаць – што я насамрэч рабіла, чым займалася.

 

А, праўда, была ў Нацыянальным музэі мастацтва, у які закахалася ў мінулы раз.

 

Хадзіла познім вечарам па месцах, у якія, здаецца, ніколі не патрапіла б днём.

 

А яшчэ я самастойна зарэгістравалася (часовае знаходжаньне замежніка на тэрыторыі РБ), пераканаўшыся, што гэта (аднак!) магчыма, хаця і займае час і рве нервы.

 

У адзін прыўкрасны дзень сабралася ехаць на ровары ў купалаўскую Вязынку, у музей.

 

Пахмурнае неба пераканала мяне дабірацца туды на цягніку. Выбар быў правільны – якой жа злой была б я, праехаўшы на ровары больш за 50 км у адзін бок толькі для таго, каб даведацца, што музей зачынены – кіно здымаюць.

 

Ён праўда й быў зачыненым, але я скарысталася магчымасьцю пашпацыраваць над ракой і па лясах, што акружаюць радзіму паэта.

 

Там вельмі прыгожа.

 

Выходныя дні я правяла ў гасьцінным Магілёве, пра які, як высьвятлілася, шмат чаго яшчэ ня ведала й шмат цікавых месцаў не бачыла!

 

У гэты раз атрымалася зайсьці ў каталіцкі сабор, паглядзець роспісы.

 

Наведалі таксама краязнаўчы й этнаграфічны музеі, што побач з Ратушай.

 

У Быхаве я сустрэла даволі прыгожае мястэчка з дагледжаным цэнтрам, паркамі, лаўкамі й замкам на рэканструкцыі (гэта каторы ўжо мой аб’ект “на рэканструкцыі”?).

 

Ды й Дняпро ў Магілёве… не дарэмна пісаў Караткевіч пра дняпроўскія крутаяры ў зеніт і страсьць, што рве берагі (Дняпро і Ака. Ён і Яна.).

 

Здаецца, калі жывеш у горадзе, у якім няма сваёй ракі, яна цябе прыцягвае, вабіць…

 

У Польшчу вярталася я празь Гародню, на цягніках і на ровары, колькі сіл хапіла. Вярталася задаволеная і сумная адначасова – не пакідалі думкі пра тое, што ізноў столькі чакаць чарговай візы.

 

Турыстаў на роварах у Беларусі я бачыла няшмат, хаця і ведаю, што яны ёсьць.

 

Маршруты, падказкі й карысныя зьвесткі зьбірала па розных падарожніцкіх сайтах і форумах, а таксама з дапамогай сяброў.

 

Пры наяўнасьці мапы й жаданьная любы, нават ня вельмі дасьведчаны велатурыст зможа заплянаваць і зьдзейсьніць кароткую ці доўгую выцечку па Беларусі.

 

На мой погляд, хапае маршрутаў аднаго дня – шмат цікавых мясьцін знаходзіцца адносна недалёка ад вабласных ці раённых цэнтраў.

 

Калі ёсьць жаданьне пакатацца некалькі дзён – маршрут таксама знойдзецца.

 

Што тут казаць – даставайце мапу, асадку й паперу, ды плянуйце…

 

Фота аўтара

 

Даведка ТС:

 

Кінга Дышэровіч жыве ў Лодзі (Польшча).

У 2010 г. у якасці валанцёркі працавала ў грамадскім аб’яднанні “Цэнтр “Трэці сектар” (Гродна).

 

Пазней вучылася ў Славеніі. Вольна валодае беларускай мовай. У артыкуле захаваны аўтарскі правапіс.

 

Чытайце таксама падарожныя нататкі Кінгі са Славеніі.