Украінскія эколагі скардзяцца на Беларусь

|

Эколагі вінавацяць нашу краіну ў невыкананні сваіх абавязкаў у межах Канвенцыі пра ацэнку ўплыву на навакольнае асяроддзе ў транспамежным кантэксце (Канвенцыя Еспоо). Скарга пададзена ў Жэневу (Швейцарыя), дзе знаходзіцца офіс Камітэту па выкананні Канвенцыі. Канвенцыя была падпісана ў Еспоо (Фінляндыя) у 1991 годзе і ўступіла ў сілу ў 1997 годзе.

У дакуменце выкладзеныя абавязкі дзяржаў, якія яе падпісалі – паведамляць і кансультавацца па ўсіх вялікіх праектах, якія могуць мець істотны неспрыяльны ўплыў на навакольнае асяроддзе.

Беларусь і Украіна з’яўляюцца бакамі, якія падпісалі Канвенцыю.

У скарзе гаворыцца пра тое, што урад Беларусі прыняў рашэнне пра будаўніцтва двух рэактараў атамнай электрастанцыі без выканання патрабаванняў Канвенцыі.

Акрамя гэтага, на думку эколагаў, суседнія дзяржавы не былі паінфармаваныя пра магчымы транспамежны ўплыў наступстваў такіх рашэнняў, а таксама не было створана працэдуры далучэння грамадскасці да прыняцця гэтых рашэнняў.

Аўтары скаргі не спадзяюцца, што такім чынам у іх атрымаецца спыніць будаўніцтва АЭС на Астравеччыне.

Мэта дакумента, разгляд якога адбудзецца ў канцы ліпеня ў Жэневе – прыцягнуць увагу да выканання патрабаванняў Канвенцыі.

Пасля гэтага ад Беларусі могуць быць запатрабаваныя тлумачэнні адносна ўзнятых у скарзе пытанняў.

Малюнак: http://www.unece.org/env/eia/guidance_r/transp.html