Убачылі свет “Скарбы народнай мовы” Апанаса Цыхуна

|

Слоўнік гаворак Гродзенскага раёна “Скарбы народнай мовы” Апанас Цыхун выдаў яшчэ ў 1993-м годзе.

 

Матэрыялы да яго аўтар пачаў збіраць яшчэ ў 1939–1940 гадах. Слоўнік лічыцца адным з лепшых у беларускай дыялектнай лексікаграфіі.

 

Апанас Цыхун нарадзіўся ў 1910 г. у вёсцы Кунцаўшчына Гарадзенскага раёна. Прайшоў вайну, быў у нямецкім і ў савецкім палоне.

 

Звязаў свой лёс з настаўніцтвам і краязнаўствам. У 1967 г. атрымаў званне “Заслужаны настаўнік БССР”. 

 

У вёсцы Лаша стварыў унікальны музей Яўхіма Карскага, пра які ведалі далёка за межамі Беларусі.

 

Напісаў і выдаў кнігу “Акадэмік з вёскі Лаша Я.Ф.Карскі” (1992), зборнік “Песні з народных глыбіняў” (2000).

 

Памёр 10 сакавіка 2005 г.

 

Перавыданне “Скарбаў народнай мовы” было зроблена “Гарадзенскай бібліятэкай”.

 

Вось што кажа пра выданне старшыня абласной арганізацыі “Таварыства Беларускай Мовы” Алесь Крой (наздымку ніжэй зправа):

 

– “Тут сапраўдная мова Гарадзеншчыны, на якой размаўлялі нашы бацькі і дзяды.

 

У Ніла Гілевіча кніга доўгі час была на кожны вечар. Ён напісаў выдатны артыкул пра гэту кнігу А.Цыхуна “Подзвіг Настаўніка”.

 

Як было прыемна А.Цыхуну пачуць лепшыя словы на свой адрас ад Народнага пісьменніка.

 

Першы выпуск быў у 1993г. пад рэдакцыяй П.Сцяцко. Маю тую цудоўную кнігу ад аўтара з аўтографам 23.09.1994 г.”