Журналіст з Горадні, якому не дае працаваць міліцыя: Мая жонка расплакалася, калі даведалася

|

Журналіст здзіўлены, што пераслед выклікалі не артыкулы на палітычныя тэмы, а матэрыялы пра культуру ды экалогію.

 

«Гэтыя справы аказваюць большы псіхалагічны ўплыў на маіх родных: на маці, якая хворая на сэрца; на бабулю, якая ляжачая; на жонку, якая цяпер сядзіць з малым дзіцём ўдома. Вось гэта псіхалагічны ўплыў не на мяне, які загартаваны падобнымі рэчамі, а на людзей, якія заўсёды побач са мной», – прызнаўся спадар Мялешка.

Журналіст адзначыў, што жонка, калі даведалася, што на яго завялі чарговую адміністрацыйную справу, пачала плакаць, а маці, калі пабачыла міліцыянтаў, зрэагавала надзвычай эмацыйна, бо ўжо стамілася ад частых наведванняў няпрошаных гасцей.

 

На Андрэя Мялешку завялі сёлета ўжо трэцюю адміністрацыйную справу па артыкуле за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

 

Падставай узбуджэння справы стаў артыкул пра прэзентацыю кнігі «400 імёнаў Гарадзеншчыны» на сайце «Беларускага Радыё Рацыя».

 

Журналіста ў гэтым годзе ўжо двойчы штрафавалі нібыта за парушэнне гэтага ж артыкулу 22.9. ч.2 Кодэксу адміністрацыйных парушэнняў.

 

Першы раз – у чэрвені на 4,5 млн рублёў (30 базавых), другі – у кастрычніку на 5,25 млн (35 базавых).

 

Нагодай былі артыкулы пра акцыю гарадзенскіх лекараў «За здаровае сэрца» і пра стварэнне ў вобласці экалагічнага заказніку.

 

МЯ, belsat.eu