Як стаць беларусам? Адказ шукайце 21 лістапада ў “Крызе”
“Як стаць беларусам. Сто гісторый” — гэта збор аповедаў людзей, якія ў розны час адкрылі адзін з бакоў свайго “я”.
Праз праз пошук схаванага, праз любоў, праз пратэст, праз логіку і містыку, праз пачуццё справядлівасці і прагу хараства яны прыходзілі да важнасці ўсвядоміць сябе Кімсьці, і ў тым ліку — беларусам” – піша аўтар кнігі на сваім блогу.
Чытач сустрэне на старонках кнігі маналогі Уладзіміра Арлова і Сяргея Міхалка, Андрэя Кудзіненкі і Сяргея Дубаўца, Андрэя Курэйчыка і Жаны Літвіной ды многіх іншых асобаў.
Севярын Квяткоўскі нарадзіўся ў 1973 г., называе сябе медыя-пісьменнікам.
Яго аўтарству належаць “Фрашкі да пляшкі” (2007) — суплёт кароткіх іранічных замалёвак жыцця беларускага непадцэнзурнага асяродку, які атрымаў прэмію “Залатая літара”, а таксама зборнік навелаў “Падарунак для Адэлі” (2012).
Кніга “Як стаць беларусам” (2014) з’явілася вынікам дакументальна-мастацкага праекту, рэалізаванага на сайтах budzma.org і tut.by.
Вось з якой гісторыі пачынаецца кніга:
— Я прыйшоў атрымліваць пашпарт. Так склалася, што разам з мамай. Быў 1985 год.
Чыноўніца пашпартнага стала будзённа задавала пытанні. Калі яна запаўняла графу «нацыянальнасць», я ні секунды не вагаўся і адказаў: «Беларус!»
Адразу ў цішы кабінета прагучаў кінематаграфічны, з добра пастаўленым голасам крык мамы: «Юрачка, падумай, гэта ж на ўсё жыццё!»
(Юры Вінаградаў)
Глядзіце кароткі прамацыйны ролік выдання:
Пачатак прэзентацыі ў Гродне – 21 лістапада ў 18.30.
Фота Budzma.org