Прафесар крылатай мовы

|

Сустрэчу арганізавала і вяла выкладчыца Купалаўскага ўніверсітэту Ала Петрушкевіч.

 

Запрошаныя ёй госці распавядалі цікавыя факты пра Івана Лепешава, адзначалі яго вялізны ўнёсак у развіццё навукі.

 

Верш, прысвечаны Івану Лепешаву, чытае гарадзенская паэтка Ганна Аўчыннікава

Доктар філалагічных навук Мікола Даніловіч прадставіў прысутным кнігу “Краявіды роднай мовы”.

 

– У час падрыхтоўкі гэтага выданя Іван Лепешаў у апошнія месяцы свайго жыцця аб’яднаў вакол сябе лепшых беларускіх мовазнаўцаў.

 

Ён вельмі чакаў выхаду кнігі ў свет, але не дачакаўся… У выніку выданне выйшла не да 90-годдзя Івана Якаўлевіча, а ў памяць пра яго – адзначыў сп. Даніловіч.

 

Па яго словах, імя Івана Лепешава смела можна ставіць у шэраг з такімі волатамі беларускага мовазнаўства, як Яўхім Карскі.

 

Тамаш Тамашэвіч, які адпрацаваў побач з прафесарам Лепешавым каля 35 год, адзначыў, што, нягледзячы на досыць позні прыход у навуку (ва ўзросце каля 50 гадоў) паспеў выдаць больш за 40 кніг і каля 800 навуковых артыкулаў.

 

Іван Лепешаў быў настаўнікам для многіх пакаленняў выкладчыкаў гарадзенскага ўніверсітэту

Сапраўдным прафесарам крылатай мовы назваў Івана Лепешава былы дэкан факультэта філалогіі Ігар Жук.

 

Разынкай вечарыны сталі вершы ў гонар Івана Лепешава, якія зачытала адна са студэнтак.