Хакейны “Нёман” прабіўся ў суперфінал Кантынентальнага Кубка
Перад гульнёй з “Анжэ” ужо было вядома, што выхад у суперфінал гарадзенцам дасць толькі перамога “Нёмана” з перавагай у 2 шайбы.
За некалькі гадзін да сустрэчы “Белфаст” выйграў 5-3 у польскага “Санока” і не пакінуў гарадзенцам іншага выбару.
Сустрэча пачалася вельмі ліха. Ужо да 3-й хв. каманды абмяняліся шайбамі!
У сярэдзіне другога перыяду “Нёман” выйграваў 4-2. Французы, аднак, закінулі яшчэ адну шайбу. Яшчэ адзін іх трапны кідок – і гарадзенцы паехалі б дадому з пануранымі галовамі.
Але лік у сустрэчы не змяніўся да фінальнай сірэны.
У суперфінал Кубка выйшлі “Анжэ” і “Нёман”, якія набралі аднолькавую з “Белфастам” колькасць ачкоў, але апярэдзілі яго па дадатковых паказчыках (вырашальнай аказалася колькасць закінутых шайб у матчах паміж трымя камандамі: французы – 5:5, беларусы – 4:4, брытанцы – 2:2).
Віншуем нашую каманду!
Капітан гарадзенцаў Андрэй Каршуноў быў прызнаны лепшым абаронцам турніра.
Турнірная табліца
Месца | Каманда | Ачкі | Шайбы |
1 | “Анжэ” | 6 | 9-5 |
2 | “Нёман” | 6 | 6-4 |
3 | “Белфаст” | 6 | 7-5 |
4 | “Санок” | 0 | 3-11 |
23 лістапада. “Анжэ” – “Нёман” 3-4 (шайбы ў гарадзенцаў закінулі Назаркевіч, Лісічкін, Міхайлаў і Сцяпанаў)
Нагадаем, што перад гэтым “Нёман” саступіў 0-1 “Белфасту” і перамог 2-0 польскі “Санок”.
На здымку: “Нёман” у Францыі: выкруціліся!