Гарадзенскі гурт “Дзецюкі” прэзентавалі новы кліп прысвечаны ваярам за Беларусь

“Гэты кліп безумоўна з вельмі незвычайнай гісторыяй і ніхто з нас, я думаю, гэтую гісторыю наўмысна прыдумаць не мог”, – падзяліўся з Belsat.eu рэжысёр Антось Цялежнікаў.

 

Здымкам спрыяла толькі добрае сонечнае надвор’е, адзначыў аўтар відэа. З самага рання, згадаў спадар Антось, у музыкаў з “Дзецюкоў”, якія ехалі на здымкі ў Заслаўе, за10 кмад гораду зламаўся мікрааўтобус. У выніку праца ў шалёным тэмпе пачалася з 3-гадзінным спазненнем. Падчас жа апошняй сцэны да групы падышлі два АМАПаўцы, якія вельмі зацікавіліся дзеяй ды зброяй у руках “Дзецюкоў”.

“Мы растлумачылі і паказалі, што зброя – несапраўдная, гэта муляжы. Падавалася б, на гэтым усё і скончыцца, АМАПаўцы сышлі… Перад самым захадам сонца мы вярталіся да машынаў, каб пераапрануцца і павячэраць. Але да нас пачалі з’язджацца іншыя машыны, а з іх выйшлі людзі ў форме міліцыі, АМАПу і апранутыя па-цывільнаму. Запыталіся, хто галоўны? Я натуральна ўзяў на сябе адказнасць як арганізатар і ініцыятар здымак. Асноўны закід – здымкі без дазволу, пра што, шчыра кажучы, мне нават не прыйшла думка ў галаву”, – распавёў рэжысёр.

 

Сілавікі адасобілі спадара Антося ад рэшты людзей і змясцілі ў мікрааўтобусе, пільнуючы кожны ягоны рух. Рэшту людзей пасадзілі ў зялёны аўтазак. Затрыманых пад эскортам машынаў з мігалкамі даставілі ў Заслаўскі РАУС.

 

 “Шчыра кажучы, я не спадзяваўся такога заканчэння здымак, дый, відавочна, міліцыя не рыхтавалася да такой сітуацыі. Але ў некаторых галовах нашых грамадзянаў дагэтуль працягваецца грамадзянская вайна. Бо гэта на іх выклік прыехаў АМАПаўскі патруль. Відаць, людзей спалохалі не муляжы зброі ці вайсковая форма. Іх спалохаў вялізны бел-чырвона-белы сцяг, які лунаў над нашай балахоўскай тачанкай і стаў аб’ектам увагі мясцовых жыхароў”, – мяркуе арганізатар здымкаў.

 

У пастарунку да ўдзельнікаў здымак ставіліся карэктна, адзначыў спадар Антось. На ягоную думку, самім міліцыянтам не даспадобы была гэтая сітуацыя. “Былі пытанні наконт бел-чырвона-белага сцяга, які мы выкарысталі ў кліпе, але я патлумачыў, што гэта не сучасная партыйная сімволіка, а гістарычны сцяг БН”, – згадаў рэжысёр. Нацыянальны сцяг забралі разам з картай памяці ад відэакамеры, аднак, праз некаторы час аддалі.

Рэжысёр адзначыў, што кліп на песню “Хлопцы-балахоўцы” прысвечаны не толькі Слуцкаму збройнаму чыну, але і іншым збройным выступам беларускага народу супраць камуністычных захопнікаў, між іншым, войску беларускага генерала Булак-Балаховіча.

 

Чорны сцяг з чэрапам і касцямі, выкарыстаны ў відэа, – гэта акурат сімволіка арміі Булак-Балаховіча. Сярод іншых рэчаў, якія перадаюць спецыфіку таго часу, – бел-чырвона-белыя стужкі на вайсковай форме, якія былі знакамі адрознення паміж жаўнерамі розных нацыянальных фармаванняў. Уніформу, макеты зброі ды тачанку дапамаглі здабыць для кліпу нешматлікія беларускія рэканструктары, што займаюцца перыядам БНР.

 

“Хачу яшчэ раз падзякаваць усім за дапамогу ў стварэнні гэтага кліпу і за стойкасць, якая была патрэбная ўжо пасля здымкаў”, – сказаў спадар Антось.

 

У кліпе ёсць гістарычныя недакладнасці, прызнаўся рэжысёр. Ён не ставіў сабе задачу зняць мастацкі фільм з усімі аўтэнтычнымі рэаліямі і дэталямі. “Мастацкі фільм пра балахоўцаў чакае яшчэ наперадзе, і там будзе месца і час для гэткіх рэчаў…”, – лічыць аўтар роліка.

 

Слуцкі збройны чын, Беларуская Народная Рэспубліка і генерал Булак-Балаховіч заслугоўваюць павышанай увагі і пашаны як у кнігах, так і ў кіно ці тэатры, бо ад іх распачыналася адраджэнне беларускай дзяржавы ў ХХ стагоддзі, звярнуў увагу рэжысёр.

 

“Случчакі не выйгралі ў вайсковым значэнні, але выйгралі ў баі за годнасць, пакінуўшы гераічны прыклад для нашчадкаў. Мой кліп – гэта маленькая цаглінка ў падмурак памяці аб гэтых гераічных людзях і іх подзвігу”, – адзначыў Антось Цялежнікаў.

У 1920 годзе незалежнасць Беларусі спрабавалі абараніць удзельнікі Слуцкага збройнага чыну. Цягам месяца, у лістападзе і снежні, вайсковыя атрады, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў савецкім войскам.

 

Мэтай случчакоў было прызнанне БНР іншымі дзяржавамі. За БНР змагалася таксама войска Станіслава Булак-Балаховіча. У лістападзе 1919 года вайсковы кіраўнік падаў афіцыйную дэкларацыю аб беларускім грамадзянстве і прыняцці яго на беларускую службу.

 

З 1980-х гадоў 27 лістапада, калі пачаліся баі паміж беларускімі і савецкімі войскамі, адзначаецца як Дзень Герояў.