Убачыла свет другое выданне каляднай казкі Ігара Кузьмініча
– Пра што казка? – запыталі мы ў аўтара.
– Гэта простая сямейная казка, якая расказвае пра беларуса, які сваім розумам і здольнасцямі прынёс шчасце ў сваю хату – распавядае Ігар Кузьмініч.
– А яшчэ яна расказвае пра тое, як да нас, на нашую планету, упершыню, прыйшла зіма і як з’явіліся Каляды. Зразумела, што без удзелу беларусаў не абыйшлося.
Я рады, што “Казачку пра гандляра Пятра, Казу і Каляды” перавыдалі менавіта зараз і яна можа стаць добрым падарункам дзецям ці знаёмым на Каляды!
– Гэта другое выданне кнігі. А калі было першае?
– Выдавецтва “Мастацкая літаратура” зрабіла першае выданне гэтай казкі ў 2012 годзе накладам 2000 асобнікаў.
Другое выданне было падрыхтаванае рэдактаркай Аксанай Спрынчан. Малюнкі для кнігі падрыхтавала Алеся Галота.
“Мастацкая ліатаратура” – вядомае дзяржаўнае выдавецтва, таму кнігі першага выдання прадаваліся ва ўсіх кнігарнях, якія іх замовілі.
Я бачыў гэтую казку ў асноўных, найбольш даступных кнігарнях. У Гродне, напрыклад, у кнігарнях на Савецкай плошчы, на Савецкай вуліцы, на БЛК. Акрамя гэтага, казку можна было набыць у інтэрнэт-крамах, напрыклад www.prastora.by
Перакананы, што і другое выданне казкі будзе мець магчымасць шырокага распаўсюду.
– Гэта ж не першыя твае казкі, якія пайшлі ў публічную прастору?
– Так, гэта не першая мая кніга з казкамі. Першы аўдыёзборнік сваіх казак “Казкі жыцця Мікіткі і Данілка” я выдаў за ўласныя грошы яшчэ ў 2010 г.
Дарэчы, замовіць гэты зборнічак, ці прачытаць пра яго можна і зараз.
У 2012 годдзе мая казка “Пра спадара Павучка, які ўладкаваў сусвет” увайшла ў зборнік аўтарскіх казак “Залаты талер”, выдадзены таксама “Мастацкай літаратурай”.
Асобныя казкі друкаваліся па выніках удзелу ў конкурсах на аўтарскую казку.
– Чым яшчэ плануеш парадаваць у бліжэйшы час малых беларусаў і іх бацькоў?
– Зараз рыхтуецца да выдання зборнік казак “Казачная Гародня”. Каб не сурочыць – не хачу называць выдаўца і выдавецтва.
Бо зараз за прынцып для сябе прыняў не выдаваць свае творы за свае грошы. Пасля выдання аўдыёказак я падумаў – калі нікому не будуць патрэбныя мае казкі, то навошта мне выдаткоўваць свае грошы? Таму зараз выдаваць складаней.
Неабходна знайсці таго, хто таксама як я хацеў бы, каб казкі ўбачылі свет.
На сёння ёсць цікавая задумка разам з Андрэем Фраловым па “ажыўленню” казак і стварэнню пастановак для дзяцей.
Юля Катаржынская зацікавілася агучваннем кнігі “Казачная Гародня”.
Акрамя гэтага ў мяне ёсць скончаная серыя казачак пра Давыда Гарадзенскага.
У кнізе расказваецца пра нашага славутага земляка ад моманту нараджэння і ажно да трагічнай смерці праз здраду.
Акрамя гэтага, у кнізе пра Давыда Гарадзенскага распавядаецца пра барацьбу са злом, пра каханне і сяброўства.
А яшчэ працую над зборнікам казак: “Гісторыя для малых беларусаў”, дзе ў казачнай форме апавядаецца нашая гісторыя праз яе асноўныя падзеі. Пачынаю казкамі ад стварэння сусвета, узнікнення першых людзей, мовы, найбольш знакавых падзеяў нашага мінулага і сканчаю нашымі днямі.
Такі своеасаблівы беларусацэнтрычны погляд на сусвет, чалавецтва і нашае месца ў гэтым сусвеце.
Ігар Кузьмініч вядомы ў Гродне таксама як адзін з вядоўцаў курсаў “Мова Нанова Гародня”
Нагадаем, што некаторыя з казак Ігара Кузьмініча гучалі таксама ў інтэрнэт-радыё “Твой стыль”.