Баскетбольная “Алімпія” заваявала Кубак Беларусі

Наш традыцыйны баскетбольны агляд пачынаем з віншаванняў у бок гарадзенскіх дзяўчат, якія насуперак прагнозам перамаглі сталічных “Цмокаў” і заваявалі Кубак краіны.


Нягледзячы на перадматчавыя заявы Аляксандра Шымкавяка, што яго каманда прыкметна саступае ў камплектацыі апанентам, трэнеру гарадзенак удалося знайсці падыход да падапечных і настроіць іх належным чынам на вырашальную сустрэчу.

 

Найбольшы ўклад у перамогу з лікам 66-62 у складзе нашай каманды ўнеслі Надзея Дрозд (15 ачкоў + 6 падбораў), Марына Філончык (11 ачкоў + 11 падбораў) і ўкраінская легіянерка Таісія Бавыкiна (16 ачкоў + 12 падбораў).

 

Пры гэтым Таісія (на здымку вышэй) была названая лепшым гульцом фіналу.

 

У мужчынскім першынстве ў пятніцу і суботу адбыліся пяць гульняў чарговага тура.

 

У госці да віцебскага «Рубона» прыехаў магілёўскі «Барысфен – Колас».

 

Да сярэдзіны трэцяй чвэрці гульня праходзіла ў роўнай барацьбе, але затым падапечныя Байдакова павольна, але ўпэўнена пайшлі ў адрыў. Фінальная сірэна зафіксавала лік 98-77 на карысць гаспадароў.

 

У Мінску адбылося адно з шматлікіх «студэнцкіх» супрацьстаянняў нашага першынства – БДУ прымаў калег з БДУІРа.

 

Здавалася, у «радыётэхнікаў» за плячыма не адзін год Вышэйшай Лігі і фаварытамі ў сустрэчы можна было лічыць менавіта іх.

 

Але на дабл-дабламi Яраслава Курапава (28 + 11 падбораў) і 20 ачкоў Генадзя Захара, гаспадары адказалі дабл-дабл Дзмітрыя Данiлiка (11 + 11) і Арцёма Казлова (26 + 10), а таксама 21 ачко набраў Даніла Астапенка. Як вынік – перамога БДУ з лікам 88-83.

 

Цяпер крыху пра сумнае.

 

У гэтую суботу ў Мінску сышліся каманды, якія не ведалі смаку перамог – «Цмокі-3» і «Прынёманне-ГрДУ”. На жаль, гарадзенская моладзь мінімальна саступіла ў авертайме – 71-69.

 

У Гомелі мясцовы «Сож» прымаў другую каманду «Рубона» і не спазнаў асаблівых праблем. У выніковыя 34 ачкі перавагі найбольшы ўнёсак зрабілі Цімафей Вяроўкін – 16 ачкоў, Павал Блізьнюк – 15 ачкоў + 11 падбораў, Дзяніс Ярэц – 14 ачкоў, Іван Каля – 12 ачкоў + 5 перахопаў.

 

У складзе гасцей Ягор Гіль здолеў зрабіць дабл-дабл, набраўшы 21 ачко і сабраўшы 10 падбораў.

 

Заключная сустрэча тура адбылася ў Гродне. Студэнты з БДЭУ прыехалі ў госці да лепшай каманды рэгулярнага першынства.

 

Не зразумела, кім прымалася рашэнне аб прызначэнні часу сустрэчы, аднак дзве спартыўныя падзеі (мясцовы «Нёман» прымаў «Белшыну» у заключным туры футбольнага чэмпіянату) уікэнда стартавалі з розніцай у гадзіну, што, відавочна, не спрыяе павелічэньню колькасці гледачоў.

 

На жаль, справаздачную сустрэчу ( «Гродна-93» чакана разрамілi мінчан 123-50) аўтару не ўдалося наведаць у сілу асабістых абставінаў, таму было прынята рашэнне звярнуцца за каментарамі да абаронцы «Гродна-93» Арцёма Малькова:

 

– Арцём, якое ўражанне на цябе зрабіў дэбютант Вышэйшай лігі?

 

– Нічога асаблівага. Са старту стала прыкметна, што БДЭУ відавочна не хапае вялікіх гульцоў і вядома ж досведу»

 

– Можаш вылучыць каго з складу супернікаў?


– Разыгрываючы пад нумарам 30 (Канстанцін Купцэвіч – аўт.). Хлопец даволі хуткі, вельмі нядрэнна разганяў атакі»

 

– Па сканчэнні 7 тураў, што можна сказаць пра рашэнне федэрацыі аб’яднаць Вышэйшую і Першую лігі на пачатковым этапе спаборніцтваў?

 

– Радуе толькі тое, што гульняў стала больш. Але Першая ліга ёсць Першая ліга і яе ўзровень невысокі.

 

– Ваша каманда ідзе па сезоне без паражэнняў. На гарызонце гульня з «Сожам», у якіх падобны графік. Рыхтавацца будзеце неяк асабліва?

 

– Рыхтавацца да «Сожу» будзем вельмі сур’ёзна! Будзем настройвацца на гульню, бо папярэднія сезоны паказалі, што гульні з Гомелем заўсёды напружаныя. Добра, што на нашым баку родныя сцены, дзе мы адчувае сябе заўсёды больш упэўнена! Вядома, хацелася, каб і гледачоў было больш, бо заўсёды прыемней гуляць, калі цябе падтрымліваюць!