Немец Андрэ Бём: “Мару перакласці “Каласы пад сярпом тваім”
“Калі жаніцца з беларускай, дык толькі беларускамоўнай”
Ён трапіў на філфак БДУ, дзякуючы праграме па абмене студэнтамі. Адразу запісаўся на курсы беларускай мовы і папрасіў аднагрупнікаў парэкамендаваць нешта пачытаць. Усе, як адзін, называлі Караткевіча.
— Першы раман Уладзіміра Сямёнавіча, які я прачытаў, — “Нельга забыць”, — распавядае Андрэ. — Ён мяне так уразіў, што неадкладна пайшоў у кнігарню і набыў шматтомнік Караткевіча.
Менавіта той шматтомнік і натхніў Андрэ Бёма не толькі на далейшае вывучэнне мовы, але і на напісанне магістарскай працы.
— Я прааналізаваў пяць твораў Караткевіча: “Каласы пад сярпом тваім”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”, “У снягах драмае вясна” і, вядома, знакавы для мяне, “Нельга забыць”. Мой прафесар была не супраць. Дакладней, ёй было ўсё роўна, якую тэму я буду даследаваць. Таму выбраў тое, да чаго на той момант ляжала душа.
Магістарская праца на тэму “Светабачанне і канцэпцыя персанажаў у выбраных эпічных творах У. Караткевіча” не выклікала фурору ў Лейпцыгскім інстытуце славістыкі, бо не адпавядала тамтэйшаму кірунку літаратуразнаўства, прызнаецца Андрэ. Але яе з удзячнасцю прынялі ў Беларусі.
— Я часта бываў у Оршы, у родным горадзе пісьменніка, бо там жыве мой сябар. Падчас чарговага прыезду зайшоў у музей Караткевіча і падарыў сваю працу. Там з радасцю прынялі, падзякавалі. У захапленні былі, што за мяжой цікавяцца Караткевічам. Мне прыемна, што мая магістарская праца знайшла месца сярод экспанатаў музея.
Паводле слоў Андрэ Бёма, у Германіі Караткевіча чыталі адзінкі, бо там практычна няма перакладаў яго твораў.
— У 1970-1980-я гады на нямецкую пераклалі толькі апавяданне “Блакіт і золата дня”, краязнаўчы нарыс “Зямля пад белымі крыламі” і “Дзікае паляванне караля Стаха”. Што тычыцца перакладу дэтэктыўнага рамана, то ён, я сказаў бы, не вельмі якасны. Да таго ж гэтую кнігу выдалі як маладзёжны раман, з каляровай вокладкай, таму яна, на жаль, успрымаецца як не вельмі сур’ёзная літаратура. Разам з тым, вельмі шмат твораў сучасных беларускіх аўтараў перакладаецца на нямецкую мову…
Дарэчы, Андрэ таксама прыклаў да гэтага руку. Ён адкрыў для сваіх землякоў Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча, Алену Брава, Наталку Бабіну, Сяргея Календу… І прызнаўся, што ўжо даўно думае аб тым, каб перакласці на нямецкую мову раман Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” і паэму Якуба Коласа “Новая зямля”.
Калі б не ведала, што Андрэ Бём немец па нацыянальнасці, падумала б што гэта беларус, настолькі чыста ён гаворыць па-беларуску.
— Заўсёды цікавіўся іншымі краінамі, культурамі, замежнымі мовамі. Італьянскую асвоіў, калі вучыўся ў Італіі, польскую — у Польшчы. Але мяне, колькі сябе памятаю, прыцягвалі краіны Савецкага Саюза, менавіта таму і паступіў на ўсходнеславянскую філалогію. Калі быў маленькім, памятаю, любіў разглядаць школьны атлас. Там было напісана Вайсрусланд, таму я не толькі адрозніваў Расію ад Беларусі, але і ведаў, дзе яна знаходзіцца. Для мяне заўсёды было важна ведаць мову краіны, у якой я жыву. Таму, калі прыехаў у Беларусь, пачаў вывучаць беларускую, у тым ліку і па кнігах Караткевіча. Мне вельмі пашанцавала з выкладчыцай беларускай мовы ў БДУ. Разам са мной у той час на курсы хадзілі яшчэ 2 дзяўчыны з Германіі. Мы былі першымі замежнымі студэнтамі, якія на прафесійным узроўні вывучалі беларускую мову. Наш выкладчык казала, што менавіта мы яе натхнілі выдаць кнігу, якая і сёння дапамагае немцам асвоіць беларускую мову.
Цяпер Андрэ працуе лектарам Германскай службы акадэмічных абменаў Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і выхоўвае маленькую дачку.
— У нас беларуска-нямецкамоўная сям’я. Жонка (яна ў мяне гісторык па адукацыі) размаўляе з дачкой па-беларуску, я — па-нямецку. У той час, калі мы пазнаёміліся, я не быў у актыўным пошуку. Але думаў пра тое, што калі і жаніцца з беларускай, дык толькі беларускамоўнай.
Калі спачатку Андрэ пазнаваў Беларусь па кнігах Караткевіча, то цяпер робіць гэта самастойна. Як толькі з’яўляецца вольная хвіліна, сядае ў машыну і едзе…
— Падарожнічаю на машыне, бо не люблю залежаць ад аўтобусаў. Шмат мясцін паспеў пабачыць. Мне вельмі падабаюцца Браслаўскія азёры, Прыпяць, Дняпро… З гарадоў — Полацк, Мазыр, Гародня… Разам з журналісткай-беларускай, якая жыве ў Берліне, склалі “Даведнік па Беларусі на нямецкай мове”, які выйдзе ў наступным годзе. Апісваем там хараство беларускай прыроды, даём практычную інфармацыю, дзе можна спыніцца, перакусіць… Такім чынам, можна сказаць, працягваем асветніцкую справу Караткевіча, які ў свой час запрашаў чытача ў падарожжа па Беларусі сваім нарысам “Зямля пад белымі крыламі”.
“Сава — прадвеснік смерці”
Напярэдадні знаёмства з Андрэ Бёмам, мы з сябрам (народжаныя, як і Караткевіч, у лістападзе) вырашылі зрабіць сабе падарунак і накіраваліся ў госці да… любімага пісьменніка, на яго малую радзіму, у Оршу. Спачатку завіталі ў музей Уладзіміра Караткевіча. Цікава, што ён размясціўся ў будынку, дзе і з’явіўся на свет будучы класік. У 30-я гады мінулага стагоддзя тут знаходзіўся гарадскі радзільны дом.
У музеі з першых хвілін адчуваеш сябе як дома — дома ў Караткевіча. Тут усё нагадвае пра Яго. І саматужны самавар, які пісьменнік любіў браць з сабой у падарожжы. І плеценае крэсла, якое Уладзімір Сямёнавіч прывёз з Кіева. І любімая кніга маленькага Валодзі — “Жыццё жывёл” Брэма…
У двух невялічкіх, але ўтульных пакоях можна пабачыць шмат арыгінальных экспанатаў: рукапіс першага надрукаванага верша “Машэка”, малюначкі і ліст, што дасылаў Караткевіч сваёй цётцы Жэні на Далёкі Усход, драўляныя шахматы, якія яму на 50-годдзе падарылі сябры-пісьменнікі, помнік князю Уладзіміру як успамін аб горадзе юнацтва Кіеве, працоўны стол, прывезены з мінскай кватэры. Ён, як мне падалося, валодае нейкім асаблівым магнетызмам.
— Караткевіч ставіўся да пісання як да свята, — распавядае навуковы супрацоўнік музея Вольга Пашковіч. — Апранаў чыстую кашулю, браў чыстую паперу і пісаў. Пісаў начыста і намертва.
На стале — распячатаны пачак цыгарэт. На спінцы крэсла — пінжак і шалік. Такое адчуванне, што Уладзімір Сямёнавіч адышоў і праз хвіліну-дзве вернецца…
На сценах можна ўбачыць шмат партрэтаў Караткевіча, за шклом — пажоўклыя ад часу фотаздымкі. Маю ўвагу прыцягнулі два з іх. На першым — вясельным — шчаслівы Уладзімір Сямёнавіч ідзе пад ручку са сваёй Валянцінай. Мне вельмі падабаецца гісторыя іх знаёмства.
— У Брэсце на канферэнцыі, прысвечанай раману “Каласы пад сярпом тваім”, Валянціна Браніславаўна прысутнічала разам са сваімі студэнтамі, — распавядае навуковы супрацоўнік музея. — Ёй там не вельмі падабалася, таму ўсё мерапрыемства выкладчыца чытала польскі дэтэктыў. Пасля канферэнцыі яе пазнаёмілі з Караткевічам. “Чаму б вам не напісаць які-небудзь дэтэктыў?” — прапанавала пісьменніку аматарка дэтэктываў. Караткевіч спытаў: “Які?” — “Ну такі, як “Дзікае паляванне караля Стаха”. Я нядаўна ехала ў цягніку, чытала яго ў часопісе, але не звярнула ўвагу на тое, хто аўтар”. Уладзімір Сямёнавіч зарагатаў: “Гэта ж я напісаў “Стаха”. Валянціна разгубілася, і яны разам пайшлі піць каву.
Другая картка, якая зачапіла, таксама мае сваю гісторыю — праўда, трагічную. Зробленая яна падчас падарожжа на плыце па Прыпяці 16 ліпеня 1984-га. Гэта апошні здымак Караткевіча. На Палессе ён адправіўся 12 ліпеня са сваімі сябрамі — журналістам Валянцінам Ждановічам, аўтарам вядомага фота “Караткевіч з кацянятамі”, і мастаком Пятром Драчовым. Але вярнуўся адтуль датэрмінова ў цяжкім стане. 25 ліпеня ў 4 гадзіны раніцы яго не стала…
Апошні здымак
Пётр Драчоў падчас аднаго са сваіх інтэрв’ю распавядаў падрабязнасці той паездкі. У тым ліку і пра тое жудаснае прароцтва, якое здарылася ў першы вечар іх паходу. На беразе ракі Піна над імі тройчы праляцела гіганцкая сава. “Гэтыя птушкі лятаюць зусім бясшумна, у апраметнай цемры толькі ў агнях вогнішча і можна ўбачыць. Валодзя адразу тады сказаў, што гэтая сава — прадвеснік смерці”.
Гулівер і кампанія
На музеі мы вырашылі не спыняцца і рушылі ў пошуках помніка Караткевічу ў дзіцячы парк горада. Паводле слоў Вольгі Пашковіч, ён знаходзіцца прыкладна на месцы даваеннай роднай хаты пісьменніка. “Тут нарадзіліся думкі, // Воля, імкненні, жаданні, // Тут стаў я сынам краіны, // Абпален яе агнём. // Таму і люблю я Оршу // Першым вялікім каханнем, // Якое не знікне, пэўна, // Нават з маім жыццём”, — чытаем адлітыя з металу радкі Караткевіча. Варта адзначыць, што сціплы помнік у гонар песняра мы знайшлі не адразу. Спярша ў вочы кінуўся велізарны Гулівер. Паблізу — Кот у ботах, Чабурашка… Я нічога не маю супраць гэтых казачных персанажаў, але, падаецца, больш самабытна было б, калі на ўваходзе ў парк дзетак сустракаў усё ж такі Караткевіч з героямі сваіх непараўнальных казак. Тады, магчыма, не трэба было б ужо даросламу чалавеку тлумачыць, хто такая Вужыная каралева ды Незвычайная котка…
Падыходзім да былой школы №5, якую закончыў Уладзімір Караткевіч. Цяпер там Аршанскі гарадскі цэнтр фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Аднак пра тое, што тут вучыўся славуты зямляк, можна толькі здагадвацца. А вось на будынку гарадской школы №8, дзе два гады працаваў Уладзімір Сямёнавіч, што вельмі прыемна, вісіць шыльда.
І вось, нарэшце, выходзім на невялічкую вуліцу, якая носіць імя Уладзіміра Караткевіча. Тут і знаходзіцца славуты дом № 10, дзе з 1956 па 1958 год жыў Уладзімір Сямёнавіч. І сёння, пераканаліся, хата “жывая”, за ёй прыглядае муж пляменніцы Караткевіча Раісы — Юрый Барабаш.
Юрый Барабаш жыве ў хаце Караткевіча са сваёй коткай
У той дзень 78-гадовы сваяк пісьменніка адчуваў сябе блага, таму ад доўгай размовы адразу ж адмовіўся. Але пакуль шукаў пакецік, каб пачаставаць нас салодкім вінаградам, які сам вырасціў, паспеў распавесці сёе-тое.
— Валодзя любіў гасцей, меў шмат сяброў. Усе тут пабывалі ў гэтай хаце: і Брылі, і Барадуліны… Хоць на стале часта было нягуста — бульба ды капуста квашаная, але пасядзелкі тыя заўсёды былі вельмі душэўныя.
У калідорчыку, на ўваходзе, звярнула ўвагу, такое ж плеценае крэсла, што бачылі ў музеі. Гаспадар пацвердзіў, што любіў у ім пасядзець Караткевіч у летнюю спёку ў садочку.
— У 1983-м з чэрвеня па снежань знаходзіўся тут. У нас, як бачыце, дзвярныя праёмы вузкія і нізкія. А ён жа волат, вялікі быў — даводзілася згінацца ў тры пагібелі, каб у хату зайсці.
Юрый Георгіевіч праводзіў нас са сваёй вернай сяброўкай-коткай да дарогі. Параіў спусціцца ўніз па вуліцы да Дняпра-натхняльніка, які так любіў Караткевіч. “Ён часта там прападаў…” І мы ахвотна крочым “сцежкамі песняра”, да дрэў, шурпатыя ствалы якіх яшчэ памятаюць дотык рукі пісьменніка…
Фота аўтара, з архіва Андрэ Бёма і музея