Першая сустрэча з Мінскам

Сярод іншаземцаў, якія наведалі Беларусь, існуе папулярнае перакананне, што гэта чыстая краіна з шырокімі, акуратнымі вуліцамі і манументальнымі будынкамі. Сапраўды, менавіта гэтыя рысы найперш кідаюцца ў вочы. Асабліва, калі наведаць беларускую сталіцу – Мінск.

У Мінску амаль не адшукаць слядоў даўняй гісторыі. Таксама як і Варшава, горад вельмі пацярпеў у ваенны час. І нават яшчэ перад вайной. Невялікая старая частка горада змяшчае некалькі каштоўнасцей, у асноўным у стылі барока. Чароўныя, брукаваныя вулкі нашмат вузейшыя за асноўныя праспекты горада.

Тут знаходзяцца драўляныя домікі з сувенірамі, якія мала хто купляе, таму што ў Мінску – і гэта другое, што кідаецца ў вочы – турыстаў няшмат. Прастора горада вельмі адчувальная, таму што няма натоўпу людзей, які характэрны для іншых еўрапейскіх сталіц.  Можа і дзякуючы таму, што Мінск не з’яўляецца цэнтрам турызму,  ён не настолькі камерцыялізаваны. Хаця і тут галоўныя вуліцы аздобленыя шыльдамі вядомых брэндаў. Аднак мне здаецца, што яны не такія дакучлівыя.

Найбольшую колькасць людзей можна, акрамя метро, сустрэць на праспекце Незалежнасці, побач з Макдональдсам і ГУМам. Ва ўнівермагу, на першым  паверсе, знаходзіцца перапоўнены бар «Цэнтральны», у якім можна пазнаёміцца з атмасферай горада і хутка штосьці перахапіць пры стойцы, гледзячы праз акно на мінакоў.

 

Нечаканасцю для мяне стала тое, што на плошчы Незалежнасці, а дакладней пад ёй, пад будынкамі беларускага парламента, БДУ і Галоўным паштамтам, пабудавалі шматпавярховы гандлёвы цэнтр, у якім адкрыліся модныя крамы і кавярні. Калі б я не ведала пра гэта і пераходзіла праз плошчу, ніколі не здагадалася б, што хаваецца ў яе сутарэннях.

Мінск асацыюецца, у пэўнай ступені, з польскім горадам Гдыняй: у першую чаргу, праз архітэктуру. Хаця Гдыня нашмат меншая, у ёй таксама можна захапляцца цікавай архітэктурай мадэрнізму. Сталіца Беларусі можа здавацца шэрай, бетоннай, аднароднай. Аднак, як не парадаксальна, у гэтай аднароднасці можна знайсці таксама своеасаблівую разнастайнасць. Будынкі адрозніваюцца адзін ад аднаго, але пры гэтым захоўваецца гармонія.

Я чула меркаванне, што прадмесці і іншыя раёны гарадоў паказваюць, як у іх сапраўды жывецца. Як выглядаюць аддаленыя ад галоўных праспектаў прадмесці Мінска? Там захавалася традыцыйная, прыгнятаючая атмасфера жылога масіву. Але тое ж самае можна сустрэць у шматлікіх гарадах, напрыклад у Варшаве.

Можна пачуць рознае, калі гаворым пра эстэтычныя адчуванні, якія тычацца Мінска. Як я ўжо ўзгадвала, усе прызнаюць, што гэта чысты і прасторны горад. Аднак і архітэктура, і выгляд сталіцы дзеляць меркаванні. На мяне Мінск зрабіў вялікае і станоўчае ўражанне. Адчувальнай была магутнасць горада. Вялікія, пустыя плошчы, велізарныя будоўлі, суровая атмасфера – гэта рысы, якія ўплываюць на непаўторны характар Мінска.


Фота аўтаркі і Вольгі Галецкай

 

Чытайце таксама:

 

Беларускія прыгоды і падарожжы польскіх валанцёрак

 

Чырвоны квадрат на стракатым фоне

 

Нёман: рака-сімвал

 

Свята рэвалюцыі: ці адзначаюць яго гарадзенцы


Пра валанцёрак, якія ездзілі беларускай чыгункай


Першыя тыдні ў Гародні або пачатак цікавага знаёмства