Два гарадзенцы прэтэндуюць на пасаду рэктара ЕГУ

Іх канкурэнтамі будуць 66-гадовы амерыканец Дэвід Полік (ЗША), які зараз выконвае абавязкі рэктара ЕГУ, а атксама 44-гадовая выкладчыца ЕГУ, філосаф Таццяна Шчытцова.

 

Аляксандр Мілінкевіч мае 67 гадоў і багаты досвед навуковай, грамадскай і палітычнай дзейнасці.

Фота: Наша Ніва


Ён быў дацэнтам гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэту (1978-2000), загадваў кафедрай фізікі ва ўніверсітэце горада Сеціф (Алжыр, 1980-1984), быў намеснікам старшыні гарадзенскага гарвыканкаму (1990-1996).

 

У Гродне ўзначальваў абласное грамадскае аб’яднанне “Ратуша”, ліквідаванае ўладамі ў 2003 г. 

 

У 2006 г. вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Цяпер узначальвае “Рух за свабоду”.

 

Гісторык Алесь Краўцэвіч мае 56 гадоў і з’яўляецца адным з найбольш вядомых гарадзенскіх гісторыкаў.

Ён працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, на пасадзе намесніка старшыні Дзяржаўнай інспекцыі аховы гісторыка– культурнай спадчыны (1993 г.), першага прарэктара Гарадзенскага дзяржуніверсітэта (1994—1995 гг.).  

 

Зараз рэгулярна выкладае ў польскіх ВНУ. З’яўляецца аўтарам вялікай колькасці кніг, прысвечаных гісторыі Беларусі.

 

Новага рэктара ЕГУ ў пачатку 2015 г. будзе абіраць Усеагульны сход сузаснавальнікаў, у якім прадстаўленыя арганізацыі, якія спрыялі ўзнаўленню дзейнасці ЕГУ ў Вільні пасля таго, як беларускія ўлады закрылі яго ў Мінску. 

 

Перавагай Мілінкевіча з’яўляюцца яго шырокія міжнародныя сувязі, якія можна было б выкарыстаць для паляпшэння фінансавання ЕГУ. Затое Краўцэвіч больш вядомы ў навуковым асяроддзі.

 

Былы рэктар ЕГУ прафесар Анатоль Міхайлаў пакінуў пасаду ў пачатку восені і “перасеў” у спецыяльна створаную “пад яго” пасаду прэзідэнта Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

 

Апошнія гады кіравання Міхайлава вызначаліся вострай дыскусіяй пра будучыню ЕГУ (ці трэба яго арыентаваць найперш на патрэбы Беларусі ці перарабіць у рэгіянальную ВНУ, адкрытую не толькі для беларусаў, але і для студэнтаў з Расіі, Украіны ды іншых краін), а таксама скандаламі са звальненнем некаторых выкладчыкаў, якім не падабалася палітыка кіраўніцтва ўніверсітэта.