У Гродна прыязджае кіраўнік аб’яднання “WSPÓLNOTA POLSKA”

|

Мацей Пляжыньскі з’яўляецца вядомым польскім праўнікам і палітыкам. У свой час ён працаваў на пасадзе ваяводы ў Гданьску, з 1997 да 2001 г. быў маршалкам польскага сэйму. “Wspolnotu Polsku” – найбуйнейшую польскую дабрачынную арганізацыю, якая займаецца дапамогай палякам у розных частках свету, ачоліў у 2008 г.

У Гродна сп. Пляжыньскі мае прыехаць сёння ў другой палове дня ў суправаджэнні групы польскіх журналістаў. У праграме яго візіту – сустрэчы ў Генеральным консульстве Польшчы ў Гродне, а таксама з кіраўніцтвам Саюзу палякаў.

Як паведаміў “Твайму стылю” прэс-сакратар Саюзу палякаў Ігар Банцар, вывучэнне сітуацыі са станам польскай меншасці ў Беларусі з’яўляецца асноўнай мэтай візіту Мацея Пляжыньскага. Апроч Гродна, ён збіраецца наведаць яшчэ некалькі мясцовасцей у Гарадзенскім раёне, дзе кампактна жывуць палякі.

Апошні раз Мацей Пляжыньскі быў у Гродне вясной на з’ездзе непрызнаваемага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

Фота: rp.pl