У Воранаўскім раёне мужчына пагражаў сужыцельцы бензапілой

Як паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама, мужчына прыйшоў дадому моцна п’яным.

 

Аднак жаданне выпіць не згасла — просьба наліць яму гарэлкі перарасла ў патрабаванне. Калі яму адмовілі, мужчына ўспомніў пра тое, што ўсю сваю зарплату аддаў сужыцельцы.

 

Скандаліст стаў патрабаваць аддаць яму грошы для таго, каб ён мог купіць яшчэ алкаголю.

 

Словы не мелі выніку, і мужчына стаў пагражаць забойствам, у пацвярджэнне нават дастаў вяроўку і паабяцаў павесіць жанчыну. Ад гневу ўчыніў пагром на кухні і пачаў збіваць сужыцельку.

 

На крыкі прыбегла 56-гадовая суседка і яе 16-гадовая дачка. Мужчына схапіў бензапілу, якая стаяла у прыхожай (яна была непрацоўнай, аднак у той момант ніхто гэтага не ведаў), і стаў ёю палохаць прысутных у кватэры.

 

Суседка з дачкой вырваліся, яны ж і выклікалі ўчастковага міліцыянера, які здолеў супакоіць дэбашыра. У дачыненні да мужчыны распачатыя крымінальныя справы за нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў і пагрозу забойствам.

 

Зламыснік знаходзіцца ў спецыялізаванай медыцынскай установе, дзе прымусова лечыцца ад алкагалізму.

 

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН