Па «Залатым коле» Заходняй Украіны

| Без катэгорыі

Заходняя Украіна, якая па вялікім рахунку была то ў Кароне Польскай, то ў Аўстра-Вугоршчыне, то зноў у Польшчы, і фактычна ніколі ад ХІІІ ст. да сяр. ХХ ст. у складзе Русі, Расеі, СССР. Хіба дзякуючы ўсяму гэтаму рэгіён захаваў унікальнасць і багацце як архітэктурнага аблічча так і нутра украінскай душы, што з цікавасцю прыцягвае не толькі суседзяў, але, дарэчы, і ўсходніх украінцаў. Для гарадзенцаў жа Заходняя Ўкраіна сталася ўражлівай неспадзяванасцю.

>

Для беларусаў Заходняя Украіна адкрываецца з Валыні. Збольшага гэты рэгіён нічым не адрозніваецца ад беларускага Палесся: тыя ж балоты, ды здаецца і людзі антрапалагічна падобныя да нашых палешукоў. Цікава, па якім прынцыпе праводзілі ў 1939 годзе тут мяжу паміж БССР і УССР?…

Раніца знакамітага рэчавага рынку Хмельніцкага, дарэчы трэцяга па памерах у Еўропе. Гандляры распачынаюць працу тутака сапраўды рана. Прагнаўшы спакусу танна закупіцца розным шмаццём, лабірынтамі шэрагаў гандлёвых боксаў мы выкараскаліся з рынку. Горад мала чым у плане забыткаў цікавы. Ранейшы Праскураў у 1954 падчас адзначэння 300-годдзя «ўз’яднання» Украіны з Расеяй перайменавалі ў гонар ідэйнага правадыра паўстання супраць панавання Рэчы Паспалітай. Мы едзем у колішні цэнтр вобласці…

…Камянец-Падольскі. Горад па багацці сваёй архітэктурнай спадчыны ўваходзіць у тузін мясцовасцяў Украіны. Пэрлінай з’яўляецца старажытная крэпасць. Муры замка выкарысталі пры здымках «Тараса Бульбы» і «Чорнага замка Альшанскага».

Сведчаннем іншаземнага панавання з’яўляецца турэцкі мінарэт ля катэдральнага касцёла.

Бакота. Тут у сярэднявеччы на беразе Днястра размясціўся мужчынскі кляштар. Келлі былі выдзяўбленыя проста ў скалах.

У 1981 годзе пасля збудавання Новаднястроўскай ГЭС тут утварылася вялікая затока. Ахінутая высокімі скаламі даліна Днястра мае ўнікальны мікраклімат, падобны ялцінскаму.

Хоцінская крэпасць. У 1621 ля муроў замка адбываецца вялікая бітва паміж 200-тысячнай турэцка-татарскай арміяй і 35-тысячным войскам Рэчы Паспалітай і казакаў. Замак вытрымаў 6 атак асманскага войска. Было падпісана пагадненне, пасля чаго Турцыя адмовілася ад планаў заваёву Еўропы.

Бігборды ў Чарнаўцах выкарыстоўваюць не толькі для прасоўвання тавару і паслугаў. Адзін нясе жыхарам Божае Слова.

А вось нехта вырашыў павіншаваць свайго калегу ці сваяка з днём нараджэння. Бігборд ля чарнавецкага рынку.

Карпаты. Гэтыя вышыні з антычнасці былі натуральнымі межамі. Дасюль у ІІ ст. з поўдня даходзілі рымскія гандляры. Ад сярэднявеччa тут праходзіла мяжа Польшчы з Вугоршчынай, потым з Аўстрыйскай Імперыяй, Чэхаславаччынай. З Гарганскага храбта відаць найвышэйшыя горы Украіны – Петрас і Гавэрла.

На схілах гораў жыве цудоўны народ, прыкарпацкія ўкраінцы. Асаблівасць рэльефу і глебы робяць жывёлагадоўлю асноўным сельскагаспадарчым заняткам. У летні перыяд пастухі кароў гоняць быдла на горныя выпасы. Падставовым плёнам працы ёсць малочныя прадукты. Пані Марыя з Даўбушанскай паланіны частуе турыстаў вурдай (тварожная маса з прыправамі) і разнастайнымі сырамі.

Адзін з «Цэнтраў Еўропы». У 1887 годзе спецыялістамі Аўстра-Вугорскай Імперыі гэтае месца каля горада Рахава было акрэслена: «Сталае, дакладнае, вечнае месца». Дарэчы, на Центр Еўропы прэтэндуюць таксама Славаччына, Польшча (мястэчка Сухаволя, між іншым недалёка ад Гродна), Летува, но і, вядома, Беларусь (у раёне Полацка).

Далей на поўдзень дарога ідзе ўздоўж ракі Цісы, якая з’яўляецца тут мяжою з Румыніяй.

Курорт Салотвіна, які знаны сваімі салянымі шахтамі (кшталту падкракаўскай Вялічкі), заселены, здаецца, збольшага румынамі. Соль тут здабывалі яшчэ ў часы Рымскай Імперыі, вось і да цяперашняга часу (памятаеце ў крамах «Сіль»). Мясцовыя румынкі прапануюць прыяжджаючым кватэру ўсяго за 25 грывен (3 $) за суткі з асобы.

Горад Хуст. Адзін з гістарычных цэнтраў Закарпацця. Пасля Мюнхенскай дамовы была абвешчана аўтаномія ў складзе Чэхаславаччыны, а праз паўгады і незалежнасць Закарпацця. Праўда, праіснавала рэспубліка нядоўга, неўзабаве была акупавана Вугоршчынай. У будынку гімназіі Хуста была абвешчана незалежнасць Карпацкай Украіны 15 сакавіка 1939 года.

У 1945 годзе Закарпацце было далучана да Савецкай Украіны. Цэнтрам Закарпацкай вобласці становіцца Ужгарад. Зараз тут пражывае крыху болей за 100 тыс. жыхароў, і горад з’яўляецца найменшым з усіх абласных цэнтраў Украіны.

Сфармаваная немцамі дывізія «Галіччына» ў ліпені 1944 года была кінутая недалёка ад Львову стрымаць націск надыходзячага савецкага войска. Адзін з плакатаў на сценах Львову запрашае прыняць удзел у мэмарыяльных мерапрыемствах з нагоды 65-годдзя бітвы. У праграме імпрэзы між іншым і ўшанаванне савецкіх жаўнераў.

Заходнія украінцы выразна праяўляюць сваю салідарнасць з народамі, якія змагаюцца за незалежнасць. Вуліца Дж. Дудаева ў цэнтры Львову. Насамрэч Львоў надзвычай прыгожы горад, дзе старое места разам з замкам занесеныя ў спіс Юнэска.

Гэта бадай найбліжэйшы ад Гродна горад з так багатай архітэктурнай і культурнай спадчынай, да якога мы не патрабуем візаў. Сталіца Заходняй Украіны адкрыта для свету. Львоў адкрыты для гарадзенцаў.

Фота аўтара