Анжаліка Борыс атрымала папярэджанне ад Дзяржкантролю

|

Старшыні Галоўнай рады непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анжаліцы Борыс паведамілі, што справа ў адносінах да яе прыпынена.

 

Размова са следчым павінна была адбыцца яшчэ 9 сакавіка, аднак была перанесена па невядомых прычынах.

 

Па словах Борыс, улады спрабавалі абвінаваціць прадстаўнікоў Саюза палякаў у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

 

«Крымінальная справа не будзе ўзбуджана, няма для гэта падставаў.

 

Я была папярэджана нібыта за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі – Саюза палякаў.

 

Кожны месяц са мной будуць праводзіцца прафілактычныя размовы.

 

Я думаю, што заўжды ёсць верагоднасць адкрыцця справы, калі ты займаешся грамадскай дзейнасцю. Так як гэтая справа была ўзбуджана па нейкіх даносах, так яна і завершылася. Канешне, паколькі справа палітычная, то можа быць, што сёння завершылася, а заўтра стане крымінальнай».

 

Усе запрашэнні ў камітэт дзяржкантролю будуць рабіцца праз адваката Анжалікі Борыс, час першай прафілактычнай размовы яшчэ не прызначаны.

 

Для Анжалікі Борыс такое рашэнне стала нечаканым падарункам у святочны дзень: менавіта 12 сакавіка, 10 гадоў таму яна была абраная старшынёй незалежнага Саюза палякаў – паведамляе “Наша Ніва” са спасылкай на “Радыё Рацыя”