“Мне доўгае растанне з Вамі…” – пра пісьменства на “Мова Нанова”
Адным з гасцей “у тэму” быў вядомы многім Усевалад Сцебурака.
Паэт, празаік, шоўмен – ён умее скараць сваім талентам, а таксама дасведчанасцю ў справе, якой займаецца.
Апроч таго, літаратар перакананы, што “вершы нараджаюцца ў цішыні”.
Усевалад пазнаёміў студэнтаў з адметнымі беларускімі словамі, датычнымі вершаскладання.
Асаблівую ўвагу госць звярнуў на такую форму лірычнай паэзіі, як трыялет, зазначыўшы ролю Максіма Багдановіча ў яго распаўсюджанні на Беларусі.
Студэнтам таксама прапанавалі папрактыкавацца ў складанні трыялетаў на прыкладзе верша “Мне доўгае расстанне з Вамі…” таго ж Максіма Багдановіча.
Тэмай будучых трыялетаў была “Гародня – каралеўскі горад”, але, канешне, прагучалі і ўзнёслыя вершы пра каханне.
Лепшыя трыялеты, як знаўца гэтай справы, абіраў Усевалад.
Прыемным складнікам вечара стала выступленне Зміцера Бартосіка. Песня змяняла песню, а ў перапынках паміж імі бард расказваў цікавыя гісторыі з лёсаў паэтаў. Прагучалі імёны Булата Акуджавы, Уладзіміра Высоцкага, на творчасці якіх вырас Зміцер, і безумоўна ж, Рыгора Барадуліна як перакладчыка.
І хоць песняў было няшмат, але кожная па-свойму чапляла. Як і павінна быць з музыкай, якая ад душы.