Беласток “ставіць” на турыстаў з Беларусі
Летась паслугамі пункта турыстычнай інфармацыі ў Беластоку скарысталіся 3,5 тыс. чалавек.
Найбольшую колькасць замежнікаў сярод іх складалі беларусы – 500 чалавек (на другім месцы немцы – каля 200 чалавек).
– Мы не маем такой гісторыі і такой колькасці помнікаў гісторыі, як, да прыкладу, Кракаў, і таму не можам разлічваць на тое, што да нас будзе ехаць вельмі шмат турыстаў – кажа кіраўніца аддзелу прамоцыі і турызму мэрыі Беластоку Моніка Каміньска (на здымку ніжэй) на сустрэчы з гарадзенскімі журналістамі.
Разам з тым, горад імкнецца рабіць актыўную прамоцыю сярод жыхароў рэгіёну, а таксама сярод беларусаў.
Да прыкладу, мясцовыя ўлады прызналі паспяховай прамацыйную акцыю напярэдадні 8 сакавіка, калі многія гатэлі, рэстараны, крамы зрабілі зніжкі для гасцей з Беларусі.
Паўтарыць такую акцыю плануецца і ў наступным годзе.
Па словах сп-ні Каміньскай, у бюджэт горада на гэты год закладзена каля 7 міліёнаў злотых на прамоцыю (з іх каля 5% на прасоўванне горада сярод беларусаў).
У красавіку, да прыкладу, дэлегацыя Беластока возьме ўдзел у вялікім кірмашы паслугаў у сферы адпачынку ў Мінску.
Новы пункт турыстычнай інфармацыі месціцца ў Беластоку на вуліцы Касцельнай, 1а.
Пункт будзе працаваць і ў выходныя дні. Ужо зараз тут можна атрымаць рознага кшталту буклеты і мапы пра Беласток і Беласточчыну на розных мовах (у тым ліку па-руску).