Алесь Камоцкі даў канцэрт у гарадзенскай сінагозе
Алесь Камоцкі – паэт, аўтар музыкі, бард і гітарыст на пачатку канцэрту адзначыў, што лепш было б назваць мерапрыемства спатканнем, а не канцэртам.
Аўтар заахвочваў гасцей задаваць пытанні, ахвотна расказваў пра сябе і сваю творчасць.
Знакаміты музыка распавёў аб дваццаці гадах сяброўства і сумеснай працы з Рыгорам Барадуліным.
Толькі ў гэтым 2015 годзе, калі адзначаецца першая гадавіна смерці паэта, спадар Алесь зрабіў у Мінску чатыры канцэрты, прысвечаныя памяці паэта.
Алесь вельмі даражыць знаёмствам і сяброўствам з “дзядзькам Рыгорам”. На самым пачатку сваіх творчых стасункаў яны пагадзіліся, што бракуе рамансаў на беларускай мове і ў 2000 годзе Алесь выпусціў два альбомы на вершы Барадуліна “Зорка спагады” і “Псальмы і Балады”.
Алесь заспяваў некалькі балад з гэтага альбома. Таксама прагучалі песні і рамансы, перакладзеныя як Рыгорам Барадуліным, так і самім аўтарам на беларускую мову з расейскай.
Сябры Алеся кажуць, як сцвярджае паэт, што песні і рамансы, перакладзеныя на беларускую мову, набываюць зусім іншых адценняў і барваў, гучаць больш сэнсоўна.
Падчас выканання песні «Круціцца, круціцца блакітны шар» музыка запрапанаваў слухачам паўтор першага куплета заспяваць на мове арыгінала.
Алесь распавёў, што песня ўпершыню прагучала ў фільме «Юнацтва Максіма» ў 1934 годзе ў кінатрылогіі рэіжысёраў Рыгора Козінцава і Леаніда Трауберга.
Песня была выканана акцёрам Барысам Чырковым, якія выконваў ролю маладога рабочага.
Мабыць, Алесь хацеў, каб прагучала папулярная народная песенька на ідыш «Vu Is Dos Gesele» -«Дзе гэтая вулачка?» на тую ж мелодыю, але ніхто ў зале не здагадаўся і не атрымаў падарунак- дыск с песнямі Камоцкага.
Але ж падарункі ўсё роўна былі. Адна з жанчын, якая мае ўнука ў тым самым ўзросце, што і унук Алеся, а менавіта два з палавінай гады, атрымала ад Алеся дзіцячую кніжку.
Яшчэ адна са слухачак атрымала два выданні беларускага часопіса для жанчын “Алеся”.
Алесь сябруе з гэтым выдавецтвам і падкрэсліў, што часопіс выдаецца з 1924 года і адзначыў нядаўна сваё 90-годдзе.
Выступ Камоцкага працягнуў серыю канцэртаў у гарадзенскай сінагозе, распачатую лепельскім гуртом “Мастер”.
Фота Ірыны Новік