Саша Варламаў: мода супраць сэксуальнасці
Удзел у сустрэчы ўзяло каля 150 чалавек.
Госць пабудаваў сустрэчу ў выглядзе пытанняў і адказаў і быў, па ўласным прызнанні, здзіўлены вялікай колькасці цікавых пытанняў з залі.
– Што рабіць, каб у сталым узросце выглядаць адначасова можным і не смешным, ці праўда, што “по одёжке встречают”, ці магчыма было быць моднымі ў ХХ-м стагоддзі, калі большасць людзей хвалявала фізічнае выжыванне, як “сканструяваць” уласны стыль – гэта толькі частка пытанняў, якія прагучалі ў гэты дзень з боку ўдзельнікаў сустрэчы.
Топ-10 выказванняў Сашы Варламава пра моду, стыль і прыгажосць
– Мода засталася ў ХХ-м стагоддзі. Галоўнай тэндэнцыяй таго, што зараз называецца модай, з’яўляецца асэксуальнасць.
Не падкрэсліваюцца грудзі, ногі, у модзе гелі, якія ствараюць уражанне непамытай галавы, парфума, якая імітуе пах нямытага цела… Робіцца ўсё, каб нічога не выклікала жадання.
Мода сёння выступае супраць сэксуальнасці. Магчыма, гэта адказ на эпоху гламура, якая панавала ў 90-х…
– Прыгожы той, каго кахаеш, а не той, каго нехта лічыць прыгожым. Калі кахаеш, то тады і пяткі падаюцца прыгожымі, і вушы! Глядзіце закаханымі вачыма – і ўсё навокал будзе прыгожым…
– Сумнымі могуць быць вочы, а не вопратка. Вочы не ўпрыгожыш біжутэрыяй, яркімі аксэсуарамі…
– Прынцып элегантнасці ніхто не адмяняў. Апранацца трэба так, каб не было за што зачапіцца воку. Акрамя твару! Часам кажуць: ой, глядзі, якая сукенка!- і не заўважаюць, на кім яна апранутая…
– Не важна, у што ты апрануты, калі не адчуваеш сябе Асобай. Мне падабаецца працаваць з жанчынамі, якія “адбыліся”. У такім выпадку апранаеш не “плечы, ногі, грудзі”, а Асобу. Гэта нашмат цікавей…
– Цяжка ўявіць Ангелу Меркель са сланечнікам на галаве. Але можна знайсці фоткі з яе маладосці, дзе яна ходзіць голай і ў гэтым няма нічога страшнага. Не трэба саромецца свайго цела!
– Калі б Бог хацеў зрабіць нас моднымі, то мы б усе нараджаліся ў модных кашулях. Ён бы пастараўся!
– Мяне хвалюе, што ў Мінску ў сярэдніх школах дзяцей ледзь не пад прымусам накіроўваюць на дні адчыненых дзьвярэй у ваенныя вучэльні. Навошта? Чым больш дзеці будуць займацца творчасцю – тым менш верагодна, што што некаму з іх захочацца потым забіваць…
– Шукайце свой стыль. А то нехта прыдумае, што сёлета ў модзе, напрыклад, колер гнілой сліўкі. Дык што, нам цяпер не любіць тых, хто не ў “гнілой сліўцы”?
– Людзям у жыцці патрэбныя казкі. Асабліва жанчынах, бо любое мастацтва стваралася найперш для іх. Мужчынам казкі таксама патрэбныя, але мужчыны – зусім іншы свет, зусім іншыя расліны…
“Разынкай” сустрэчы з Сашам Варламавым стаў модны паказ, арганізаваны ўдзельніцамі секцыі “Люстэрка стылю” (кіраўніца Ірына Новік), якая працуе пры “Універсітэце Залатога Веку“.
Удзельніцы паказу атрымалі ў свой адрас буру апладысментаў, а Саша Варламаў не адпусціў гарадзенак са сцэны, пакуль не сфатаграфаваўся з імі.
Саша Варламаў быў рэжысёрам, пастаноўшчыкам і харэографам Мінскага тэатра моды, стваральнікам “Агенцтва моды Сашы Варламава”.
Працаваў рэжысёрам-пастаноўшчыкам і харэографам тэатра моды «Modetheater Berlin» (Германія), быў суарганізатарам самага буйнога сусветнага форума моды «Der große Q» у Берліне, занесенага ў 2001 г. у Кнігу рэкордаў Гінеса за самы вялікі подыум у свеце даўжынёй 1111 метраў.
Аўтар вялікай колькасці праектаў, звязаных з сінтэзам моды, харэаграфіі, музыкі, літаратуры і іншых відаў мастацтва, у тым ліку конкурса “Супермадэль Беларусі”, “Млын моды”.
У 2013 г. адкрыў Віртуальны дом моды Сашы Варламава ў Інтэрнэце і з’яўляецца практыкуючым дызайнерам. У мінулым годзе стаў аўтарам праекта Тэатр моды «Шкаф» (Мінск).
Фота Рона Зальфа