Гарадзенскія ўлады забаранілі сустрэчу зь Дзянісавым і Памідоравым у сынагозе

|

Вечарына з удзелам музыкаў мусіла адбыцца 12 красавіка ў будынку харальнай сынагогі. Акцыя мелася быць дабрачыннай.


За тры дні да пачатку мерапрыемства яго арганізатары вымушаныя паведаміць, што яно не адбудзецца.

 

Цікавасьць да імпрэзы была вялікая, меркавалася, што ў гэты дзень у сынагозе зьбярецца шмат людзей, каб паслухаць песьні гарадзенскага музыкі Алеся Дзянісава («КальЯн», «Людзі на балоце», Dzieciuki) і менскага госьця Аляксандра Памідорава.

 

Дзянісаў меўся выканаць праграму на вершы Алеся Чобата, а Памідораў рыхтаваў адмысловы выступ зь песьнямі на ідыш.

 

Падчас бясплатнай вечарыны меркавалася сабраць сродкі на рэстаўрацыю харальнай сынагогі.

 

«Канцэрт не адбудзецца, бо нам была выказаная заўвага аб немэтанакіраванным выкарыстаньні памяшканьня», — паведаміў парталу Tuzin.fm старшыня Рады юдэйскай рэлігійнай абшчыны Горадні Барыс Квяткоўскі і перапрасіў — дэталі ён паведаміць пакуль ня можа, праводзіць экскурсію.

 

Як стала вядома Tuzin.fm зь неафіцыйных крыніцаў, вечарынай з удзелам Дзянісава і Памідорава зацікавіліся гарадзенскія ідэолягі, але забарона сыходзіла ад адзьдзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту.

 

Спрабуем атрымаць афіцыйныя тлумачэньні ад чыноўнікаў адносна гэтай сытуацыі.

 

«Канцэрт у любым разе мы правядзем і грошы на сынагогу зьбярэм, проста адбудзецца гэта ў іншым месцы», — заявіў Алесь Дзянісаў.