З 1 мая беларусы, якія часта ездзяць у Літву, будуць плаціць на мяжы падатак на паліва
Сёння беларусы (не маладзейшыя за 17 гадоў) могуць завезці праз наземную мяжу з Літвой не больш за 40 (2 пачкі) цыгарэт.
Пошлінамі і падаткамі да гэтага часу не абкладаліся паліва і алівы, якія знаходзяцца ў стацыянарных ёмістасцях паліва і аліва (масла) транспартнага сродку асабістага карыстання, на якім тавар падарожнічае.
Акрамя таго, да 1 мая можна бяспошлінна завезці ў каністры не больш за 10 літраў паліва для рухавіка на адзін транспартны сродак.
«Калі супрацоўнік літоўскай мытні высветліць, што тавары ці паліва ўвозяцца грамадзянінам чацвёрты і больш разоў за месяц, яму прыйдзецца заплаціць падаткі і мытныя зборы, — паведамілі auto.tut.by ў Мытным дэпартаменце Міністэрства фінансаў Літоўскай рэспублікі.
— Кантроль тавараў і паліва, што ўвозяцца падарожнікамі, узмоцнены з улікам досведу суседніх краін і ў мэтах барацьбы з «ценявой эканомікай».
Як гэта будзе працаваць?
Новаўвядзенне ніяк не закране беларусаў, якія наведваюць Літву тры і менш разоў у месяц.
Тыя ж, хто паедзе 4-ы і больш разоў, заплаціць зборы за перамяшчэнне праз мяжу, напрыклад, паліва і цыгарэтаў.
У мытным дэпартаменце Літвы auto.tut.by растлумачылі: вызначаць колькасць і цану тавару, які падпадае пад выплату збораў, мытнікі будуць на месцах.
Некалькі прыкладаў.
Дызельнае паліва: калі ў баку вашага аўтамабіля на момант ўезду ў Літву знаходзіцца 10 літраў саляркі, сума збораў (акцыз плюс ПДВ) складзе 4 еўра, 20 літраў — каля 10 еўра, 60 літраў — каля 25 еўра.
Бензіны: калі ў баку вашага аўтамабіля на момант ўезду ў Літву знаходзіцца 10 літраў бензіну, сума збораў (акцыз плюс ПДВ) складзе 6 еўра, 20 літраў — каля 13 еўра.
Важна: колькасць перасячэнняў мяжы «прывязана» да чалавека, а не аўтамабіля!
Гэта значыць, калі вы тры разы заязджалі ў Літву на аўтобусе ці цягніку, а чацвёрты — паехалі на асабістым аўто, зборы за паліва прыйдзецца заплаціць.
— Што тычыцца цыгарэт, то тут сума збораў будзе вар’іравацца ў залежнасці ад маркі, яе палічыць мытнік пры ўвозе грамадзянінам.
У цэлым жа варта ведаць, што стаўка ПДВ у Літве — 21%, — нагадалі ў Мытным дэпартаменце.
Літоўскія мытнікі выказалі ўпэўненасць у тым, што для «звычайных беларусаў, якія прыязджаюць у Літву адпачываць «гэтае ўзмацненне жорсткасці правіл не стане «непрыемным сюрпрызам», барацьба ідзе менавіта з «шэрым увозам».
Як не раз заяўлялі прадстаўнікі літоўскага боку, асноўнай праблемай для літоўцаў сталі беларускае паліва і цыгарэты.
«З Калінінградскай вобласці моцна скараціліся патокі транспарту, ёсць праблемы з павышаным кантролем літоўскіх машын.
Зменшыліся патокі як паліва, так і цыгарэт, таму стала большай верагоднасць завозу цыгарэт з Беларусі», — нядаўна заявіў мясцовым СМІ намеснік гендырэктара Мытнага дэпартамента Літвы Вігантас Пайгозінас пасля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Альгірдасам Буткявічусам.
Па словах Пайгозінаса, у 2015 годзе работнікі літоўскай мытні ўсю ўвагу будуць надаваць мяжы з Беларуссю.
“Наша Ніва” паводле auto.tut.by