Студэнты “Універсітэту Залатога Веку” пайшлі на канікулы

|

Сёлета яго наведвала каля 200 чалавек ва ўзросце ад 55 год і вышэй.

 

Удзел ва ўрачыстай выпускной вечарыне, якая праходзіла 23 красавіка, узяло больш за сто чалавек.

 

Імпрэза распачалася са студэнцкага гімна “Гаўдэамус”, які выканалі хор “УЗВышша” разам з іншымі студэнтамі.

Кіраўніца праграмы УЗВ Лана Руднік прадставіла асноўныя вынікі шостага акадэмічнага года.

Пасля выканання гімна “Магутны Божа” распачалася самая ўрачыстая частка праграмы – уручэнне пасведчанняў і падзяк.

 

Вынікі сваёй працы прадставілі і некаторыя секцыі і клубы УЗВ.

 

Так, секцыя фотамайстэрства прадставіла сваю выставу.

 

“Адсправаздачылася” пра сваю працу і свае планы секцыя “Квятарня” (кіраўніца Вольга Шушлакова).

 

Сумесную выставу сваіх рукадзельных вырабаў прадставілі ўдзельніцы секцыі “Натхненне” (кіраўніца Тамара Герасіменка) і клуба валяння.

 

Модны паказ зладзілі навучэнкі секцыі “Люстэрка стылю” (кіраўніца Ірына Новік).

 

Парадвалі сваімі спевамі ўдзельнікі хора “УЗВышша” пад кіраўніцтвам Веры Кунцэвіч.

 

Сапраўдны фурор сярод удзельнікаў імпрэзы зрабіў цыганскі танец у выкананні клуба ўсходніх танцаў (выкладчыца – Анастасія Дабракова).

 

Музычным падарункам для выпускнікоў УЗВ стаў выступ вядомага беларускага музыкі Зміцера Вайцюшкевіча, які адбыўся пры дапамозе кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

 

Вечарына працягнулася танцамі.

 

А 25 красавіка слухачы УЗВ на двух аўтобусах выправіліся ў падарожжа на Наваградчыну.

 

Першым пунктам вандроўкі стала вёска Мураванка, дзе знаходзіцца славутая старажытная царква абарончага тыпу.

 

У Наваградку студэнты УЗВ наведалі амаль усе цікавыя мясціны.

 

Не сталі перашкодай нават крутыя пагоркі Замкавай гары.

Заключнай кропкай маршруту стала маляўнічае возера Свіцязь.

 

Тут адбыўся невялікі пікнік з песнямі і тостамі.

 

Кампанію УЗВ час ад часу разбаўлялі іншыя госці, якія прыязджалі палюбавацца на возера – дзеці з Баранавіч, вяселле.

Усе госці імгненна апыналіся ўдзельнікамі свята УЗВ: разам вадзілі карагоды, спявалі.

 

Слухачы і выкладчыкі УЗВ зладзілі над возерам таксама фотасэсію ў межах праекта “Пасланне свету”, лепшыя фотаздымкі з якога з’явяцца ў хуткім часе на нашым сайце.

 

Такога кшталту Інтэграцыйныя вандроўкі ўжо сталі традыцыйнымі для УЗВ.

 

У папярэднія гады перад канікуламі слухачы “Універсітэту Залатога Веку” наведвалі Аўгустоўскі канал (некалькі разоў), гарадзенскія фарты, Гудзевічы і Лунна.

 

Канікулы ва “Універсітэце Залатога Веку” будуць доўжыцца да канца лета, а ўжо ў верасні распачнецца набор слухачоў УЗВ-7.

 

Фота Рона Сольфа, Аляксандра Саенкі, Вольгі Анціпавай, Ірыны Новік


Відэа Вітаўта Рудніка