5 траўня – дзень народзінаў Апанаса Цыхуна

Цыхун Апанас Пятровіч (5.05.1910 –10.03.2005) нарадзіўся ў в. Кунцаўшчына Гродзенскага раёна ў сялянскай сям’і.

 

У 1927 – 1932 гг. вучыўся ў Гродзенскай настаўніцкай семінарыі.

 

У ІІ Сусветнай вайне прыняў удзел яшчэ ў 1939 годзе, абараняючы Варшаву ад нямецкіх захопнікаў.

 

Пасля вайны скончыў Гродзенскі педінстытут. Працаваў завучам Лашанскай сямігадовай школы, дырэктарам Капцёўскай сямігадовай школы, настаўнікам СШ №2 г.Гродна, дырэктарам Каўбасінскай пачатковай і Батароўскай васьмігадовай школ, інспектарам аддзела народнай асветы Гродзенскага райвыканкама.

 

З 1937 г. да канца жыцця пражываў у г. Гродна. Выхаваў трох сыноў.

 

Займаючы розныя пасады, выгадаваў шмат сваіх паслядоўнікаў у галіне адукацыі, культуры. Атрымаў беларускія і замежныя ўзнагароды за ўдзел у вайне і мірны пасляваенны перыяд.

 

Апанас Цыхун апрача сваёй асноўнай працы аддаваў шмат часу і ўвагі вывучэнню гісторыі і культуры, прапагандзе гісторыка-культурнай спадчыны Гродзеншчыны, збору твораў вуснай народнай творчасці, грамадскай дзейнасці.

 

Ён уздоўж і ўпоперак абышоў і аб’ехаў Гродзенскі раён, усе яго населенныя пункты. Занатоўваў  цікавыя словы, пачутыя ад сваіх землякоў, якія адсутнічалі ў слоўніках, ці адрозніваліся ад літаратурных формаў.

 

На працягу дзясяткаў гадоў ён вывучаў гэтае лексічнае багацце Гродзеншчыны і выдаў унікальны для Беларусі слоўнік “Скарбы народнай мовы” (1993), зборнік народных песень “Песні з народных глыбіняў” (2000).

 

А.Цыхун даследаваў і прапагандаваў навуковую спадчыну акадэміка Я. Ф. Карскага: напісаў краязнаўча-біяграфічны нарыс “Акадэмік з вёскі Лаша”, сабраў матэрыялы і стварыў першы і адзіны ў СССР музей Я. Ф. Карскага на радзіме вучонага ў вёсцы Лаша, які на працягу амаль 30 гадоў наведалі каля тысячы наведвальнікаў.

2004год. На прэзентацыі аўтабіяграфічнай кнігі А.Цыхуна “Пройдзеныя шляхі-пуцявіны” у бібліятэцы Новага каралеўскага замку 

 

Пасля закрыцця школы і музея А.П. Цыхун быў каардынатарам і сябрам аргкамітэта па стварэнні музея акадэміка Я.Карскага ў гімназіі № 1 г. Гродна.

 

Быў актыўным папулярызатарам роднай мовы і культуры. На працягу дваццаці гадоў ён узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры газеце “Сельская новь”, быў укладальнікам зборніка “Легенды і балады Гродзеншчыны”, ініцыяваў усталяванне помніка-валуна князю Давыду Гарадзенскаму і рэканструкцыю помніка роду Карскіх у Лашы.

 

Напісаў выдатны верш “Родная мова”, які разам са сваім сябрам  заслужаным дзеячом культуры кампазітарам А.Шыдлоўскім быў дапрацаваны і пакладзены на музыку. Атрымаўся гімн беларускай мове, яго друкавалі ў СМІ.

 

Шматгадовыя сябры А.Цыхун і А.Шыдлоўскі


Ён ліставаўся з шырокавядомымі людзьмі: В.Быкавым і Я.Брылём, нашчадкамі акадэміка Я. Карскага, Н.Гілевічам і сваім аднагодкам Б.Кітам, займаўся пчалярствам, добра граў на скрыпцы і меў добра пастаўлены голас.

 

Ён умеў сябраваць з людзьмі розных нацыянальнасцяў і ўзростаў. Апошнія гады пастаяннымі ягонымі спадарожнікамі ў двары, на агародзе былі  сабачкі, яны заўсёды  радаваліся добраму госцю.

  

А. П. Цыхун – аўтар 6 кніг, шматлікіх артыкулаў і вершаў пра знакамітых гарадзенцаў розных нацыянальнасцяў і часоў: наркама асветы БССР А.В.Баліцкага, вучоных і дзеячаў культуры Ф.Скарыну, Я.Ф.Карскага, В.М. Кавалеўскага, М. Пачобута-Адляніцкага, І.С. Легатовіча, А.П. Зянкевіча, рэвалюцыянера-падпольшчыка  К. Рагачэўскага, генерала М.Ф. Грыгаровіча, В.Л. Гулідзе, партызанку В.Соламаву і восем скідзельскіх герояў-падпольшчыкаў.

Апошні выступ А.Цыхуна 28.09.2004. на святочнай вечарыне да 15 годдзя ТБМ. У майстэрні З.Іваноўскага

 

10 сакавіка 2005 года перастала біцца сэрца  шчырага беларуса Апанаса Цыхуна. Гарадзенская зямля развіталася з адным з апошніх заходнебеларускіх інтэлігентаў узгадаваных традыцыйнай народнай культурай гэтых мясцін. Яго сябры і знаёмыя пастараліся, каб імя настаўніка і асветніка не было забыта на нашай зямлі.

 

У Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Я.Карскага захоўваецца фонд А.Цыхуна.

 

У гімназіі №1 г.Гродна ў музеі Я.Карскага зроблены стэнд, прысвечаны памяці А.Цыхуна.

 

У в. Луцкаўляны ў музеі на суседніх стэндах захоўваюцца асабістыя рэчы і дакументы акадэміка Я.Карскага, настаўніка і краязнаўца А.Цыхуна, настаўніка, наркама асветы і правадніка беларусізацыі А.Баліцкага, якія нагадваюць экскурсантам пра неабходнасць ашчаднага захавання памяці пра слаўных беларусаў Лашанскіх ваколіц, што пакінулі глыбокі след на нашай зямлі.

 

Да юбілею А.Цыхуна  выйшла  новым накладам дапоўненая кніга А.Цыхуна “Скарбы народнай мовы”, над якой 10 месяцаў працаваў сябра ТБМ Іван Буднік. Другі выпуск кнігі адбыўся праз 21 год,  у 1993г. яна атрымала выдатныя водгукі ад вядомых пісьменнікаў і журналістаў краіны і стала бібліяграфічнай каштоўнасцю.

 

Улічваючы ягоны шматгранны талент і вялікі аўтарытэт сярод настаўнікаў, краязнаўцаў, пісьменнікаў, пакінутую нашчадкам гісторыка-культурную спадчыну ў фондзе бібліятэкі імя Я.Карскага, усведамляючы агромністую асветніцкую і патрыятычна-выхаваўчую работу ў навучальных установах Гродзеншчыны, актыўную папулярызацыю беларускай мовы і славутых гарадзенцаў розных нацыянальнасцяў, у 2012 годзе абласная ГА “ТБМ імя Ф.Скарыны” і сябры СПБ звярнуліся ў Гродзенскі гарвыканкам з просьбай аб наданні імя  заслужанага настаўніка Беларусі Цыхуна Апанаса Пятровіча адной з вуліц горада Гродна.

 

За некалькі месяцаў да 105 гадовага юбілею А.Цыхуна стала вядома, што  праца па збору подпісаў (105 подпісаў) у 2012 годзе  не была марнай.

 

Да юбілею тапанімічная камісія г.Гродна, разгледзеўшы пісьмовыя звароты  прапанавала ў мікрараёне Забалаць-2 назваць вуліцу яго імем.

 

Як высветлілася пазней, сябры не толькі Гарадзенскай абласной грамадскай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы” (ТБМ) абівалі парогі, збіралі подпісы і пісалі лісты ў выканкам- гэта рабілі і іншыя неабыякавыя грамадзяне горада.

 

На стогадовы юбілей А.Цыхуна

 

Кожны год, каля магілы А. Цыхуна збіраюцца яго сябры, знаёмыя, каб аддаць даніну памяці, пакласці кветкі, пачытаць яго вершы…

 

Спадзяюся, што і жыхары вуліцы А. Цыхуна будуць больш  ведаць пра гэтага выдатнага чалавека  з добрай душой і сэрцам, вартага доўгай памяці…

 

Алесь Крой, старшыня Гродзенскай абласной грамадскай арганізацыі ”Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”

 

На здымку ўверсе: валун, які меркавалі ўсталяваць у памяць Давыду Гарадзенскаму. А.Цыхун разам з Я.Петрашэвічам. 90-я гады


Здымкі з архіву аўтара