Гродна, прыязны да сталых людзей: 10 пытанняў і адказаў

|

Круглы стол быў арганізаваны ўстановай “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” і праграмай “Універсітэт Залатога Веку” і праводзіўся ў межах Тыдня ўстойлівага развіцця.

 

Удзел у мерапрыемстве ўзялі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, дзяржаўных службаў, ВНУ, міліцыі.

Найбольш важную інфармацыю, якая прагучала на сустрэчы, мы апрацавалі ў выглядзе пытанняў і адказаў на іх.

1. 

Чаму пытанні, звязаныя са старэннем, з’яўляюцца больш актуальнымі, чым вы думаеце?


Ужо зараз амаль кожны чацьвёрты гарадзенец з’яўляецца пенсіянерам.

 

Праз 15 год у пенсійным узросце будзе кожны трэці жыхар Гарадзеншчыны.

 

На 100 работнікаў у 2020 г. будзе прыходзіцца 67 пенсіянераў.

 

Ужо сёння каля 60% людзей, якія звяртаюцца па медыцынскую дапамогу, складаюць пенсіянеры.

 

Пры гэтым у Гродне працуе (на 0,5 стаўкі) толькі адзін герыатр (доктар, які спецыялізуецца на лекаванні хваробаў, звязаных са сталым узростам).

 

Гэта патрабуе ўжо зараз падрыхтоўкі сур’ёзных рэформаў сістэмы пенсійнага забеспячэння, аховы здароўя, сацыяльнай дапамогі.

 

У іншым выпадку людзі, якія выйдуць на пенсію праз 10-20 год, будуць жыць значна горш за сённяшніх пенсіянераў.


2.

Як выглядае Беларусь на фоне іншых краін?


Па ацэнцы Сусветнага Банка нашая краіна належыць да ліку “рэзка старэючых краін”.

 

У Глабальным індэксе старэння (2014 г.) Беларусь займае 64 месца (з 96 краін).

 

Асабліва кепска выглядае сітуацыя са станам здароўя сталых беларусаў (84-е месца па гэтым паказчыку).


 

3.

Ці будзе Беларусь выпраўляць сітуацыю?


Спадзяемся.

 

Беларусь падпісала Мадрыдскі міжнародны план дзеянняў па пытаннях старэння (2002 г.) і разам з іншымі краінамі ўзяла на сябе абавязак гарантаваць, каб сталыя людзі старэлі ў бяспечных умовах, захоўвалі годнасць і ўдзельнічалі ў жыцці грамадства, валодаючы ўсімі правамі чалавека.

 

Канцэпцыя Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2030 г. прадугледжвае ў якасці прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі задавальненне інтарэсаў сталых людзей, пераарыентацыю сістэмы сацыяльнай абароны на адаптацыю людзей да жыцця ў сучасным грамадстве, павышэнне якасці сацыяльных паслуг, стварэнне ўмоваў для пашырэння ўдзелу людзей ва ўсіх сферах жыцця грамадства.

 

 4.

Чаму менавіта Гродна можа стаць прыкладам для іншых беларусіх гарадоў у справе стварэння лепшых умоваў для жыцця сталых людзей?


Тут з 2010 г. працуе першы беларускі “Універсітэт Залатога Веку” для сталых людзей.

 

Прапановы па паляпшэнні якасці жыцця сталых людзей былі дасланыя ў працоўную групу, якая займаецца распрацоўкай Стратэгіі ўстойлівага развіцця Гарадзеншчыны да 2030 г.

 

Тут у 2013 г. была праведзеная буйная міжнародная канферэнцыя па актывізацыі сталых людзей.

 

У рэшце рэшт – гэта самы лепшы горад на свеце!

 

 5.

А з каго гарадзенцам браць прыклад?


У 2005 г. Сусветная Арганізацыя аховы здароўя ініцыявала стварэнне міжнароднай сеткі гарадоў і супольнасцяў, прыязных да сталых людзей.

 

Сёння ў сетку ўваходзяць 258 гарадоў з 28 краін, у якіх жывуць больш за 100 міліёнаў чалавек.

 

 6.

Якія мэты мае сетка гарадоў, прыязных да сталых людзей?


Вось некаторыя вынікі, якія імкнуцца дасягнуць гарады, якія далучыліся да Сеткі:

 

Безбар’ернае асяроддзе забяспечыць мабільнасць і незалежнасць для людзей з інваліднасцю любога ўзросту.

 

Бяспека на вуліцах дазволіць дзецям, моладзі і сталым людзям больш знаходзіцца па-за сценамі хат і весці фізічна актыўны лад жыцця.

 

Сем’і змогуць адчуваць менш стрэсу, калі іх бацькі, дзядулі і бабулі будуць мець падтрымку ад супольнасці і належныя медыцынскія паслугі.

 

Усё грамадства зможа атрымаць выгоду ад удзелу сталых людзей у валанцёрскіх справах або ў працоўнай дзейнасці.

 

7.

Як далучыцца да гэтай сеткі?


Падаць заяўку, атрымаўшы перад гэтым пісьмовыя гарантыі з боку мясцовых уладаў аб намеры ўдзельнічаць у сетцы і паляпшаць якасць жыцця сталых людзей у горадзе.

 

Затым у горадзе павінна быць распрацаваная трохгадовая праграма дзеянняў, накіраваная на паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей.

 

Прынцыповым з’яўляецца ўдзел саміх сталых людзей у стварэнні такой гарадской праграмы, яе рэалізацыі і ацэнцы эфектаў працы.

 

8.

Па якіх параметрах ацэньваецца якасць жыцця сталых людзей?

Міжнародная сетка гарадоў, прыязных да сталых людзей, мае 8 асноўных паказчыкаў ацэнкі якасці жыцця сталага чалавека: вулічная прастора і будынкі, транспарт, удзел у жыцці грамадства, жыллёвыя ўмовы, павага і сацыяльная інклюзія, грамадскі ўдзел і занятасць, камунікацыя і інфармацыя, падтрымка супольнасці і ахова здароўя. 

 

 9.

Што з’яўляецца мэтай праграмы “Гродна, прыязны да сталых людзей”?

Павышэнне якасці жыцця сталых жыхароў Гродзенскай вобласці праз ўмацаванне іх здароўя, паляпшэнне занятасці, сацыяльную і інтэлектуальную актывізацыю.

 

10.

Што канкрэтна прапануецца зрабіць у межах гэтай праграмы?

 

 – Стварэнне грамадскай рады па справах сталых людзей пры гарвыканкаме;

 

 – Стварэнне ў г. Гродна Інфармацыйна- рэсурснага цэнтра для сталых людзей (інфармацыйнае, юрыдычнае, псіхалагічнае кансультаванне і г.д.);

 

 – Стварэнне “Залатой карткі сталага гродзенца”, якая прадстаўляе льготы і зніжкі на тавары і паслугі з боку арганізацый, якія добраахвотна падпісалі Дэкларацыю далучэння да кампаніі “Гродна, прыязны да сталых людзей”;

 

 – Далучэнне г. Гродна (да 2018 г.) да міжнароднай сеткі “Гарадоў, прыязных да сталых людзей”;

 

 – Развіццё гарадзенскага “Універсітэта Залатога Веку” для сталых людзей і стварэнне да 2020 г. як мінімум 5 новых “Універсітэтаў Залатога Ўзросту” у раённых цэнтрах вобласці;

 

 – Арганізацыя “Школы бяспекі” для сталых людзей;

 

 – Стварэнне пры паліклініках вобласці сеткі геранталагічных кабінетаў, накіраваных на прафілактыку захворванняў;

 

 – Правядзенне ў г. Гродна кірмашу “50+”, на якім будуць прадстаўляцца тавары і паслугі для сталых людзей;

 

 – Правядзенне раз у два гады ў г. Гродна Фестывалю творчасці сталых людзей Еўрарэгіёну “Нёман”;

 

 – Развіццё добраахвотніцкай дапамогі нерухомым і маларухомым сталым людзям (валанцёрская транспартная служба і г.д.);

 

 – Арганізацыя адаптацыйных курсаў “Падрыхтоўка да пенсіі».


Глядзіце таксама інтэрактыўную візітоўку Круглага стала “Горад, прыязны да сталых людзей”.

 

Каб паглядзець прэзентацыі і відэа, навядзіце курсор на каляровыя значкі на фотаздымку.

Фота Рона Сольфа