Літоўская амбасада ўвяла новы ўзор візавых анкет

– Добры дзень! Можна зірнуць на вашую анкету? З такім пытаннем да тых, хто падыходзіць да консульства, звяртаецца дзелавы дзяцюк з выглядам валютчыка з ліхіх 90-х.

 

Ён жа тлумачыць збянтэжаным пытаннем людзям, што з 15 траўня дзейнічае новы ўзор візавай анкеты і што перарабіць “няправільную” анкету можна адразу на паркоўцы побач з будынкам консульства.

 

У машыне з беларускімі нумарамі і літоўскім сцяжком сядзіць дзяўчынка, якая за 50 тысяч запаўняе і выдрукоўвае пераробленыя анкеты.

 

Працы ў дзяўчыны хапае, бо пра новыя патрабаванні да візавых анкет ведаюць пакуль далёка не ўсе з тых, хто падае дакуманты на атрыманне візы.

 

У самім консульстве раяць не карыстацца дапамогай пасярэднікаў і самім запаўняць анкету.

 

Увага! Знайсці новы ўзор літоўскай візавай анкеты можна на сайце https://visaspp.urm.lt/by2/

 

Падаваць дакуманты на атрыманне візы можна цяпер і ў візавым цэнтры Літвы, які знаходзіцца па адрасе вул. Горкага, 89 (з 9.00 да 17.00).