На Куршскай касе

| Без катэгорыі

Куршская каса – месца цалкам унікальнае. Пясчаная паўвыспа, што прымыкае да вялікай зямлі ў Калінінградскай вобласці і цягнецца па моры многія кіламетры ўздоўж расейскага і літоўскага ўзбярэжжаў. З аднаго боку амываецца водамі Балтыйскага мора, а з другога ўтварае заліў, у які ўласна ўпадае Нёман!

 

>

Менавіта на літоўскай частцы касы стаіць невялічкі гарадок Ніда. Мноства маленечкіх чырвоных дамкоў, аздобленых незвычайнымі драўлянымі карункамі, нібы грувасцяцца на ўзбярэжжы заліва.

 

Паўсюль сноўдаюць шчаслівыя турысты, хто на ровары, хто на роліках, але ў асноўным пехатой. Доўгая ўтульная набярэжная заўсёды поўная ахвотных да прыморскага шпацыру. Чуюцца гаворкі: літоўская, польская, нямецкая, руская, аднойчы, напаткалася жанчынка, якая ішла і размаўляла па тэлефоне па-беларуску.

З узбярэжнай адкрываецца прыгожы від на заліў, можна ўбачыць рэдкіх птушак бакланаў, што грувасцяцца на камянях і нырцуюць у ваду.

 

У заліве вада значна цяплейшая за марскую, але тут ніхто не купаецца – брудна! Але рыбу вудзяць менавіта ў заліве. Рыбакі жывуць тут спрадвеку, на самым узбярэжжы. Яны нікуды не хаваючыся развешваюць свае доўгія сеці на прасушку і кожны можа адчуць рэзкі рыбны пах ды акунуцца ў атмасферу старога рыбацкага паселішча. А ў вёсачках, што крыху далей ад Ніды, на падворках рыбакоў стаяць маленькія вяндлярні і турысты каштуюць самую свежую рыбу. Смаката неперадавальная!

 

Веласіпедны рай

 

Вандраваць па касе вельмі проста – на ровары!

 

У Нідзе літаральна на кожным кроку можна ўзяць ровар на пракат, і не проста ровар, а і з месцам для дзіцяці, або з люлькай для немаўляці. Есць яшчэ ровары чатырохколавыя, што змяшчаюць адразу ўсю сям’ю, ёсць і асобныя дзіцячыя. А калі раптам дождж перашкодзіць вашай вандроўцы і вы застанецеся ў хаце, ваш ровар забяруць па ўказанай вамі адрэсе.

 

Маршрутаў для велавандровак мноства, можна праехаць кіламетраў шэсцьдзесят, але навічкам лепей абмежавацца хаця б дваццаццю, бо баліць усё жудасна, і здаецца, на ровар болей у жыцці не сядзеш! Падчас велавандроўкі можна прыпыніцца на рыбны абед у адной з вёсачак, або адпачыць на пляжы.

 

Мора тут чароўнае!

 

Толькі вельмі халоднае. Бываюць дні, што ўлезці ў яго – адно геройства. Але бывае яно і даволі цёплым, асабліва калі крыху штарміць. Тады хвалі чапляюць гарачае паветра і мільёны маленькіх бурбалак, ідучы на дно, імгненна праграваюць ваду.

 

 

Цудоўна гайдацца на хвалях, часам, супраціўляцца стыхіі. Але ў сапраўдны шторм, які здараецца нярэдка, купацца забаронена. Выратавальнік адразу бяжыць да недарэкі, што надумае лезці ў бурлівую ваду, і выцягвае яго на бераг. У такія дні шмат людзей збіраецца проста пастаяць і паназіраць за стыхіяй. Людзі стаяць, заварожаныя марскім ровам.

 

Жывёльны свет

 

Аднойчы па дарозе да мора мы напаткалі дзіка. Дакладней, ён проста перабег дарогу з аднаго пералеска ў другі і, здавалася, нават не заўважыў усіх людзей, кіх ён так моцна ўразіў. На жаль, зафоткаць яго я не паспела, бо у думках сутаргава прыглядала дрэва, на якое б ўзлезці, ратуючыся ад таго дзіка. Кажуць, на касе дзікі – з’ява даволі частая і бяспечная.

 

Есць у Нідзе яшчэ дзіўны бусел. Ён прылятае на пірс і там сабе стаіць, ходзіць разам з людзьмі, якія шпацыруюць. Ды і пастаянныя фотасесіі яму проста забяспечаны. На назе ў яго колца. Можа быць, ён прызвычаіўся да людзей на арніталагічнай станцыі, што знаходзіцца непадалёк, у вусці Нёмана. Дарэчы адна з буйнейшых і важных станцый.

 

У міжваенны час у маладым лесе Нерый (гэта мясцовая назва касы) жыло вельмі шмат ласёў. Месцы тут спакойныя і яны не хаваліся ад людзей. Распавядаюць, што можна было ў лесе імі проста любавацца. Захаваліся чорна-белыя здымкі, як ляжыць вялізны рагач пасярод лесу і глядзіць акурат ў аб’ектыў метраў з пяці. Цяпер гэта адзін з улюбёных матываў паштовак, што прадаюцца тут на кожным кроку.Але падчас вайны лёс магутных жывёлін быў трагічны: не засталося аніводнага. Мяркую, іх проста з’елі.

 

Нечаканае ўражанне

 

Бадай, самае моцнае ўражанне пакідаюць дзюны.

 

 

Горы абсалютна непладароднага пяску, дзе амаль нічога не расце. Самыя высокія дзюны ў Еўропе: 60 метраў увышыню. З вышэйшай кропкі дзюн відаць адразу і заліў і мора, з розных бакоў. Дзюны гэтыя незвычайныя яшчэ і тым, што яны вандроўныя. То бок яны пад дзеяннем вятроў паволі-паволі перасоўваюцца – вандруюць. У гісторыі касы не адна вёска засталася засыпаная пяскамі. Нават каменная кірха недзе схаваная пад магутным слоем пяску. Вядома, людзі паспявалі сысці з вёскі, калі бачылі, што больш чакаць немагчыма. Яны гадамі назіралі як дзюна наступае. Пясок «крочыць» недзе па метры ў год. Я наведвала Ніду два гады запар і на ўласныя вочы бачыла, як пяскі перасунуліся. Уражвае.

 

Большасць сцяжын – з спецыяльныга насцілу, які ратуе ад вытаптвання і агалення пяскоў. Таксама адмысловымі пляцёнкамі ўмацоўваюцца і схілы. На шыльдах просьба не спускацца проста па пясчаных схілах. Адзін чалавек, сыходзячы ўніз, пераварочвае тоны пяску.

 

Маладыя лясы

 

Увогуле большасць тэрыторыі касы – заказнік, падзелены на зоны рознай ступені аховы. Таму проста вандраваць там і ставіць намёты дзе заўгодна не дазваляецца. Толькі ў кемпінгах. Хаця, шчыра, ніякага патруля асабліва мы там не назіралі.

 

 

У XVIII стагоддзі ўся Куршская каса была амаль спрэс пясчанай, з-за татальнага прамысловага высякання лесу. Яго проста мясцовыя ссякалі і прадавалі. А пасля апынуліся сярод суцэльных вандроўных пяскоў ды вятроў. Толькі ў пачатку ХХ ст. прускі ўрад стымуляваў азеляненне, таму лясы ўсе тут адносна маладыя.

 

У мінулым

 

Гістарычна каса вядомая тым, што праз яе праходзіла самая кароткая паштовая дарога, што спалучала Кёнінгсберг (Калінінград) і Мемель (Клайпеду). Дарога была кароткая, але надзвычай суровая. Пяскі, вятры ды кепскія ўмовы пражывання на перавалачных станцыях. Часта коні цягнулі паштовую павозку па ўзбярэжжы, адным колам ў вадзе. Вось такі хай-уэй.

 

 

Музей Томаса Мана. Пісьіеннік захоплены мясцовымі краявідамі, перабраўся сюды з усёй сваёй шматдзетнай сям’ёй, жыў тут і працаваў над сваімі творамі. Гэта ўлюбёнае месца «паломніцтва» нямецкіх турыстаў.

 

 

«Хатка рыбака» – музей, прысвечаны побыту рыбакоў у мінулым, гісторыі куршскай вёскі. Печ ў рыбацкай хаце, у місе – шышкі для распальвання.

 

 

У двары музейчыка – лодка, у якую можа ўлезці і даследаваць кожны ахвотны, што вельмі папулярна сярод дзяцей. На вялізных імправізаваных мачтах уздоўж усяго ўзбярэжжа заліва ўмацаваныя незвычайныя выразаныя з дрэва флюгеры. Гэта ёсць музей пад адкрытым небам. Раней на кожным рыбацкім судне ўсталёўваўся адзін з такіх флюгераў. Па іх рыбакі, сустрэўшыся ў моры, маглі здалёк вызначыць, адкуль, з якога паселішча адплыла тое ці іншае судна. Адпаведна так адбываўся кантроль за падзелам вод паміж мясцовымі рыбакамі. Тут жа табліца (крыху пашкоджаная надвор’ем) з умоўнымі знакамі паселішч, якія кадзіраваліся ў флюгерах.

 

 

Проста абвестка на сцяне, на жаль, не разумею па-літоўску, але мяркую, нешта звязанае з ёгай.

 

Цэнтр гораду ў самы гарачы перыяд.

 

 

Незвычайная бурштыновая галерэя. Вырабы ў ёй таксама незвычайныя.

 

 

Драўляныя карункі.

 

Тыповая хатка. Ці не ўсе гэтыя хаткі здаюцца турыстам. Гаспадары ж жывуць ў значна больш сучасных умовах ў новай частцы гарадка. Вядома, і для гасцей існуюць гатэлі і шыкоўныя вілы, але ў такіх хатках спыняцца значна рамантычней.

 

 

На падыходзе да дзюны.

 

 

Для тых, хто стаміўся – лаўка ў гушчары з відам на заліў.

 

 

Вусце Нёмана. Калі прыглядзецца, на даляглядзе – тыя самыя дзюны. Так выглядае Куршскі заліў з вусця Нёмана. Пры ўпадзенні Нёман падзяляецца на некалькі рэчышчаў. На адным з іх – вёсачка, так званая мясцовая Венецыя. Замест вуліцы – рака, каля кожнай хаты – лодка. Так і плаваюць адзін да аднаго ў госці.

 

Фота аўтара