Гід-школа на колах па габрэйскіх мястэчках Беларусі пройдзе 26 – 28 чэрвеня
Пад час навукова-метадычнай паездкі ўдзельнікі школы наведаюць 15 населеных пунктаў Гарадзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей, каторыя так ці інакш звязаны з габрэйскай гісторыка-культурнай спадчынай. У маршруце гід-школы Гродна, Лунна, Слонім, Індура, Астрына, Жалудок, Радунь, Іўе, Ашмяны, Навагрудак, Мір, Дзятлава, Слонім, Ружаны і Валожын.
Спецыалісты ў галіне іўдаікі, гісторыкі і краязнаўцы правядуць лекцыі, адукацыйныя экскурсіі, тэматычныя семінары і трэнінгі, кансультацыі.
Як паведаміў каардынатар праекта і арганізатар школы Сяргей Піваварчык, загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, ужо ўвосень 2015 года аналагічная гід-школа пройдзе па трансмежным маршруце, звязаным з габрэйскай спадчынай, які пралягае па населеных пунктах Польшчы, Украіны і Беларусі.
Школа на колах для гідаў (а таксама для спецыялістаў, каторыя працуюць у сферы турыстычнай індустрыі, прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый, мясцовых органай дзяржаўнага кіравання, установаў культуры і адукацыі) будзе арганізавана ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Маршруты па штэтлах. Аб’екты габрэйскай культурнай спадчыны у трансмежным турызме”. Партнёрамі па гэтым праекце выступаюць Люблінскі Цэнтр “Брама Гродзка – Тэатр NN” (Польшча), Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Цэнтр сацыяльна-эканамічных ініцыятываў і Ровеньскі цэнтр маркетынгавых даследванняў (Украіна). Праект рэалізуецца ад 2013 года і мае на мэце прасоўванне габрэйскай культурнай спадчыны ў галіне аказання турыстычных паслугаў. Бюджэт праекту складае больш за 460 тысяч еўра.
Па праекце да канца лістапада плануецца стварыць шматмоўны турыстычны партал “Габрэйскія мястэчкі Ўсходняй Еўропы”, а таксама трохмерныя візуальныя макеты 15 габрэйскіх мястэчак, размешчаных на трансмежных тэрыторыях. Апроч таго, праект прадугледжвае распрацоўку і прасоўванне турыстычных маршрутаў вакол аб’ектаў габрэйскай спадчыны на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Польшчы і аднаго трансмежнага маршрута, а таксама выданне даведніка на польскай, украінскай, рускай і ангельскай мовах.
Даведка ТС:
Штэтл (на ідыш שטעטל), альбо габрэйскае мястэчка – невялікае паселішча, пераважна з габрэйскім насельніцтвам, ва Ўсходняй Еўропе перыяду да Халакоста. Вобраз штэтла звычайна выкарыстоўваеццца як метафара традыцыйнага культурнага і пабытовага ладу жыцця габрэяў, а таксама як сімвал страчаных традыцый усходне-еўрапейскага габрэйства.