Адкрываем Падляшша: з гонарам за сваё

|

У суседнім з намі Падляшскім ваяводстве ці не ў кожнай мясцовасці ёсць зараз свае мясцовыя вырабы, якімі вам прапануюць пачаставацца ў час афіцыйных і нефармальных сустрэч. Недзе гэта славуты падляшскі бімбар (самагонка) ці настойкі, недзе мёд і г.д.

 

У многіх мястэчках рэгіёна рэгулярна ладзяцца рознага кшталту фестывалі (агуркоў, трускавак, бульбы, бабкі і г.д.), накіраваныя на прамоцыю мясцовай прадукцыі.

 

У час нядаўняга візіту групы гарадзенскіх журналістаў на Беласточчыну мы наведалі Сухаволю і ваколіцы гэтага мястэчка, дзе пазнаёміліся з тым, як мясцовыя людзі здолелі наладзіць вытворчасць мясцовай прадукцыі, якая ўжо стала брэндам не толькі ў Польшчы.

 

Мэр Сухаволі Міхал Матыскель (Michał Matyskiel) сустракае нас ля помніка ў самым цэнтры мястэчка. Паводле яго словаў, менавіта тут, у Сухаволі, знаходзіцца сапраўдны геаграфічны цэнтр Еўропы, чым ганарацца ўсе жыхары мястэчка.

 

Яшчэ адной “разынкай” Сухаволі з’яўляецца традыцыйны фестываль духавых аркестраў, на які прыязджаюць калектывы з розных рэгіёнаў Польшчы і з суседніх краін.

 

Сёлета імпрэза адбудзецца 4- ліпеня і збярэ 11 аркестраў. Удзел у гэтым фестывалі бяруць і аркестры з Гродна з Парэчча. Дарэчы, нядаўна ў гэтым мястэчку каля Гродна гасцявалі і музыкі з Сухаволі. Тамтэйшы духавы аркестр мае 61 год і лічыцца адным з найстарэйшых у Польшчы.

 

А яшчэ ў Сухаволі вас абавязкова пачастуюць сэнкачам – мясцовым пірагом, смачнейшага за які, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, вы не знойдзеце нідзе.

 

Сустрэча з бурмістрам мястэчка працягваецца ўжо залі, якая належыць мясцоваму грамадскаму фонду. Яго заснавальнікамі з’яўляюцца мясцовыя актыўныя жыхары, прадрыймальнікі, грамадскія актывісты. Менавіта яны штогод ініцыююць рэалізацыю рознага кшталту праграм развіцця рэгіёна, здабываючы на гэта, як у нас кажуць, дадатковыя “па-забюджэтныя” сродкі.

 

За іх кошт фінансуюцца мясцовыя адукацыйныя, культурніцкія праекты. Пад распрацаваную актывістамі фонда стратэгію развіцця гміны на  год было атрымана 11 міліёнаў злотых. Дзякуючы гэтаму на тэрыторыі ўсёй гміны створана 30 вясковых святліц, дзе людзі могуць збірацца, разам вучыцца і бавіць вольны час.

 

З 2016 г. у мясцовасці распачнецца вялікі праект (каштарыс – 5 млн. злотых), накіраваны на развіццё прадпрыймальніцтва, бо “з працай цяжка ў нас тут” – кажа Міхал Матыскель. Дзякуючы праекту, улады гміны спадзяюцца на 35% павялічыць колькасць працоўных месцаў.

 

Да нашай размовы далучаецца Караль Бароўскі (Karol Borowski).

У 2003 г. ён уклаў сродкі ў вырашчванне тытуню ў ваколіцах Сухаволі. Зараз з плантацыі ў 20 гектараў ён прадае штогод каля 700 тон якаснага тытуню, які карыстаецца попытам не толькі ў Польшчы (кожны трэці паляк мае залежнасць ад тытуню – кажа Караль), але і ў арабскіх краінах.

 

Праца на плантацыі складаная – трэба выгадаваць і апрацаваць каля паўміліёна раслін, затым адбываецца сушка, сартыроўка па якасці.

 

Апроч вырошчвання тытуню, гаспадарка Караля займаецца і гадаваннем гародніны.

У сезон на гаспадарку працуе да 20 чалавек, у тым ліку бываюць і сезонныя работнікі з Беларусі. У справу заангажаваная і ўся сям’я Караля. Ён прызнаецца, што не змог бы паставіць усё на ногі, калі б не магчымасць атрымання датацый з Еўразвязу.

 

– Фермер, які меў галаву, раней ездзіў на “Запарожцы”, а зараз ездзіць на “Мэрсэдэсе” – усміхаецца Караль.

 

Пасля Сухаволі накіроўваемся ў невялічкую вёску Гаршчызна (Gorszczyzna) ля Карыціна. Тут вырабляюцца славутыя карыцінскія сыры, якія маюць найвышэйшы сертыфікат ахоўваемага мясцовага прадукта Еўразвязу.

 

Чакаем убачыць цэлую вытворчасць, а апынаемся на парозе вясковага дома Пятра і Агнешкі Нятупскіх.

У гэтай сям’і ўжо некалькі пакаленняў займаюцца сыраробствам. Вядомыя ў ваколіцы сыры рабілі мала і бабуля Пятра, а цяпер ужо 20 год гэтым займаецца ён са сваёй жонкай.

 

У Нятупскіх – 16 кароваў. На выраб галоўкі сыра вагой у 3 кг. патрэбна 30 літраў добрага малака.

 

Сырны канвеер пачынае працаваць у шэсць ранку. У гэты час гаспадары дояць кароваў. Малако затым зліваецца ў кацёл, награецца, разліваецца ў збанкі. Затым дадаюцца соль, прыправы, энзім. Пасля перамешвання і адлучэння сыраваткі застаецца тварог, які затым фармуецца ў галоўкі сыра, якія праз тры дні будуць гатовыя да транспартавання ў крамы Варшавы, Беластока, Ольштына ды іншых вялікіх гарадоў.

 

Кошты на сыр вагаюцца ад 20 да 60 злотых. Гаспадары з гонарам кажуць, што іх сыр вельмі любіць прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.

 

Мясцовыя прадукты як свой брэнд папулярызуюць і іншыя мястэчкі ў ваколіцах Сухаволі. Так, жыхары Ліпска нахвальваюць свой “ліпскі каравай”. Вам абавязкова параяць таксама адведаць “сыр клінковы дамброўскі”.

 

 

Уменне захоўваць і развіваць сваё, знаходзіць “разынкі” і рабіць іх турыстычнымі брэндамі рэгіёну, адтрымліваць мясцовы бізнес і мясцовыя грамадскія ініцыятывы – усяму гэтаму нам варта было б павучыцца ў нашых суседзяў.

Чытайце іншыя матэрыялы з серыі “Адкрываем Падляшша”:

 

Адкрываем Падляшша: Саколка

Адкрываем Падляшша: татарскі шлях


Адкрываем Падляшша: Крынкі і Пачопэк


Адкрываем Падляшша: музей вёскі пад Беластокам


Адкрываем Падляшша: опера ў Беластоку