У Гродзенскай вобласці за выходныя адбылося 7 лясных пажараў

Лясы гарэлі на плошчы 1,13 га, 3 выпадкі ўзгарання адбыліся ў Дзень Незалежнасці, яшчэ 4 – у нядзелю 5 ліпеня. Пажары ўдалося ліквідаваць на пачатковай стадыі, аднак абстаноўка ў лясах рэгіёна працягвае заставацца напружанай.

 

Па словах суразмоўцы, усяго з пачатку пажаранебяспечнага перыяду ў Гродзенскай вобласці адбылося 18 лясных пажараў – з іх больш за 44% – на мінулых гарачых выхадных. У сувязі з гэтым у вобласці зноў стаіць пытанне аб увядзенні 4-га класа пажарнай небяспекі, калі ўводзіцца поўная забарона на наведванне лясоў (такая забарона ўжо прымалася на некалькі дзён у чэрвені).

 

Гарачае надвор’е на выходных таксама спрыяла пажаранебяспечнай сітуацыі ў сельскай гаспадарцы і жылым сектары, паведаміла прэс-сакратар Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Наталля Жывалеўская. У выніку пажара 3 ліпеня знішчана каля 200 т грубых кармоў у сенасховішча ў в. Громкі Шчучынскага раёна. Будынак практычна згарэў (пашкоджання склалі каля 70%). Прычына ўзгарання Ўсталёўваецца, разглядаецца версія самаўзгарання.

 

Таксама на гарачых выходных загарэлася смецце на двух міні-палігонах цвёрдых бытавых адходаў у Гродзенскім раёне – паблізу вёсак Ялоўшчына  Путрышкаўскага сельскага савета (на плошчы 200 кв.м) і Новая Гожа, што ў Гожскім сельскім савеце  (полымя ахапіла 45 кв.м). Для тушэння выкарыстоўвалася адпаведна 8 і 6 адзінак выратавальнай тэхнікі. Абышлося без ахвяраў.