Johnny Rodgers Band у Гродне: Мы будуем масты і руйнуем бар’еры

Мы сустрэліся з музыкамі ў пакоі абласной бібліятэкі імя Карскага. За акном, у дворыку, гучаў Джазавы фестываль, які ствараў асаблівую цёплую атмасферу. Мы не сталі ўзводзіць бар’еры сталамі, а селі ў кола, адзін насупраць другога.

 

Што азначае быць музычнымі амбасадарамі ЗША у свеце? Куды вы ездзіце і ў чым заключаецца ваша праца?

 

Дэні, перкусіяніст (на здымку справа):

align=”” alt=”Johnny Rodgers Band, джаз” width=”515″ height=”331″ >

– Самае важнае, што мы робім у нашай працы ў якасці амбасадараў музыкі – гэта тое, што мы дзелімся сваёй творчасцю тут і зараз. Мы ўжо некалькі разоў былі ў паўднёва-усходняй Азіі, на Бліжнім Усходзе, у расійскай Сібіры. Зараз мы ў Гродне.

 

Джоні, саліст:

– Самае галоўнае, што мы будуем масты і руйнуем бар’еры – у гэтым наша асноўная місія. Мы кудысьці прыязджаем, дзелімся сваёй музыкай з людзьмі. Акрамя гэтага, знаёмімся з творчасцю іншых музыкантаў, чэрпаем натхненне.

 

Напрыклад, калі мы выступалі ў Егіпце, там не было слова “канцэрт”, замест яго выкарыстоўвалі слова “вечарынка”. Мы спрабуем ствараць асаблівую атмасферу на канцэртах, руйнуючы муры паміж музыкай і гледачамі.

 

Брайн, кантрабасіст:

– Музыка – гэта ўніверсальная мова. Мы выходзім на сцэну з музыкантамі з іншых краін, пачынаем іграць разам і разумеем адзін аднаго без слоў. Куды б мы ні прыязджалі, паўсюль ведаюць амерыканскую музыку, і гэта вельмі прыемна. Людзі могуць не ведаць нейкія нашыя кампазіцыі, але яны разумеюць, навошта мы іграем і як мы гэта робім.

 

Джо, гітарыст:

– Я ўсё жыццё заўсёды верыў у музыку, яна іграе першасную ролю ў маім жыцці. Мы шмат гадоў ездзілі па штатах, па свету, і паўсюль нас сустракалі цёпла, паўсюль і заўсёды мы знаходзілі кантакт з аўдыторыяй. Я нарадзіўся ў Бронксе і ніколі не думаў, што буду вандраваць па такіх месцах. І хоць часам сядаеш у самалёт і думаеш – наперадзе 24 гадзіны пералёту, я ведаю, што пасля гэтага будзе вельмі цікавы і жыватворны досвед, які сам па сабе з’яўляецца для мяне ўзнагародай. Магчымасць дзяліцца музыкай і эмоцыямі – самае важнае для мяне.

 

Што гэта за стыль – “амерыкана”? Ці перадае гэты стыль шляхам музыкі ўсё пра вашу радзіму?

 

Дэні, перкусіяніст:


– Стыль амерыкана – гэта сумесь цэлага спектру самых розных музычных стыляў, якія развіваліся ў ЗША дзякуючы перасяленцам. Тут можна разгледзець арабскі ўплыў і нават знайсці крыху нямецкай полькі. І ўсё гэта змяшался ў стылі “амерыкана”, які адлюстроўвае той плавільны кацёл, якім з’яўляецца Амерыка.


 

Брайн, кантрабасіст:


Усе музыкі як правіла стараюцца абстрагавацца ад таго, каб вешаць ярлыкі на той ці іншы музычны накірунак. “Амерыкана” – гэта агульная назва, якая аб’ядноўвае не толькі мноста музычных стыляў, якія былі прывезены перасяленцамі, але таксама ўключае ў сябе той унікальны досвед, які перажылі гэтыя людзі ў ЗША. Гэта ўсё разам і стварае тое, што ўмоўна можна назваць стылем “амерыкана”.

 

Джо, гітарыст:


– Мы выраслі з гэтай музыкай. Мы пачалі іграць, калі нам было 4-6 гадоў. І мы чулі гэту музыку паўсюль – у двары, школе, па радыё і тэлебачанню. Гэта сёння ўсе стылі раскладзены па палічках, і вы рэдка пачуеце на адной станцыі розныя музычныя напрамкі.


У мае гады было прыдумана радыё, транзістар, там іграла музыка самых розных напрамкаў –  ад джазу і рок-н-ролу да поп-музыкі. Можна было пачуць абсалютна ўсё, і такім чынам мы ўвабралі ўсе гэтыя музычныя напрамкі натуральным чынам.


Калі я, напрыклад, іграю фламенка, я не магу цалкам адчуць гэты стыль, бо я не быў з ім народжаны. Калі чалавек нараджаецца з нейкай музыкай, ён адчувае яе натуральным чынам. Таму для нас складана вызначыць, у чым сутнасць стыля “амерыкана”: мы былі з ім народжаныя, мы не думаем з пункту гледжання фармальнасці, што мы іграем, гэта наш натуральны стан.


 

 

Вы амерыканцы, але граеце таксама і на еўрапейскіх фестывалях. У чым розніца паміж джазам Старога і Новага свету?

 

Дэні, перкусіяніст:


– Калі я чую падобную музыку (паказвае за акно, дзе ў гэты час іграе Big Band – джазавы аркестр Гродзенскай абласной філармоніі – рэд.), магу адзначыць, што адрозненняў няма. Калі б я пачуў гэты ансамбль у ЗША, я б падумаю, што грае амерыканскі калектыў. Гэта цалкам амерыканскі джаз.

 

Але ўвогуле невялікія адрозненні ўсё ж такі ёсць. Калі мы, напрылад, прыязджаем ў паўднёва-усходнюю Азію, то там джаз не заўсёды азначае тое, што мы прывыклі разумець пад гэтым словам. Там пад джазам разумеюць такі накірунак, які б я назваў смус-джаз, які быў папулярны ў 1979 годзе. У гэтай частцы свету яго працягваюць іграць да гэтай пары.


Калі мы кажам пра Еўропу, мы кажам пра больш эксперыментальны джаз. Еўропа ў цэлым любіць эксперыментаваць. Музыка адлюстроўвае тыя тэндэнцыі, якія адбываюцца ў мастацтве, модзе і культуры.

 

Брайн, кантрабасіст:


– Я выступаў на еўрапейскіх джазавых фестывалях у 90-я гады, у прыватнасці, у Францыі, Іспаніі. Магу адзначыць, што з той пары еўрапейцы пачалі больш дасканала ўспрымаць амерыканскі рытм. Магчыма, на гэта паўплываў інтэрнэт, ютуб, новыя накірункі ў кансерваторыях.


Там больш пачалі вывучаць джаз, і гэта прывяло да таго, што зараз еўрапейскія музыкі нашмат больш увабралі ў сябе амерыканскае паняцце рытму. У 1991 годзе я іграў на джазавым фестывлі ў Пецярбургу, тады ён яшчэ называўся Ленінградам. Там былі розныя музыкі з усёй пастсавецкай прасторы, і сёння я чую беларускіх выканаўцаў – рост відавочны.

 

Дэні, перкусіяніст:


– Музыкі з Усходняй Еўропы заўсёды былі моцнымі ў плане кансерваторскага навучання і акадэмічнай ігры. З той пары, як апала жалезная заслона, для многіх музыкаў стала больш простым і магчымым вучацца музыцы ў ЗША, атрымліваць першакласную класічную адукацыю. Потым яны вяртаюцца на радзіму, становяцца выкладчыкамі, прыўносяць амерыканскі ўплыў і паказваюць, што такое джаз.


 

Як вы ацэніце ўзровень беларускіх джазавых музыкаў?

 

Джо, гітарыст:


– Тое, што мы чуем – проста выдатна!  Гучанне ўзрушвае! У нас вельмі складана сабраць і ўтрымліваць такі вялікі калектыў, які б спансіравала дзяржава (кажа пра аркестр Гродзенскай абласной філармоніі – рэд.).

 

Што самае важнае, каб навучыцца віртуозна граць на музыкальным інструменце і стаць прафесійным музыкам?

 

Джоні, саліст:


– Музыка – гэта пастаяннае навучанне, што мне і падабаецца. Нельга сказаць, што мы засвоілі нешта цалкам. Гэта пастаяннае вывучэнне: тэхнікі, канцэпцыі, ідэі. музыкі не спыняюць навучанне ўсё сваё жыццё.

 

Дэні, перкусіяніст:


– Каб стаць прафесіяналам, вы павінны асэнсоўваць, як шмат трэба вучыцца, што гэты працэс доўжыцца пастаянна. І пастаянна крышталізаваць тое, што ў вас ёсць. 

 

Джоні, саліст:


– Вы можаце практыкавацца шматлікія гадзіны. Але калі выходзіце на сцэну – усё знікае. Вы павінны стаць раптоўна тым сасудам, які ўбірае ў сябе ўсю энергетыку звонку.


 

Джо, гітарыст:


– Музыка для мяне – акт веры. Выходзячы на сцэну, вы павінны адпусціць усе думкі і рабіць тое, што робіце найлепш. Звычайна ўсё атрымліваецца. Але бывае, нешта ідзе не так. Вы вяртаецеся дадому, ледзь не плачаце ад крыўды. Але тое, што з вас робіць прафесіянала – вы ведаеце выніковую мэту, што вы робіце гэта не дзеля сённяшняга выступу, а дзеля будучых перамог.

 

Ёсць такое ходкае выказванне, што джаз спачатку быў музыкай для бедных, затым – музыкай для багатых, але ён засёды заставаўся музыкай для разумных. Згодны з гэтым?

 

Брайн, кантрабасіст:


– Добрае пытанне. Джаз пачынаўся як папулярная музыка, з традыцыйнай музыкі, але пасля ён пачаў убіраць у сябе ўсе ўплывы, таму што ЗША – гэта плавільны кацёл. Джаз хутка распаўсюджваўся ад Новага Арлена да Чыкага і Нью-Йорка, пашырэнню джаза таксама спрыялі аркестры, якія ігралі на прагулачных параходах, што хадзілі ўверх па Місісіпі. Надышоў момант, калі джаз стаў ускладняцца, ператварыўся ў выразны музычны пласт. Тым не менш, нягледзячы на тое, што больш багатыя і заможныя паспрабавалі сабе яго прысвоіць, джаз усё роўна застаўся музыкай для народа, незалежна ад ярлыкоў.


 

Джо, гітарыст:


– Гэта вельмі складанае пытанне. Я не лічу, што хоць якая-небудзь музыка можа быць звязаная з інтэлектам. Мне падаецца, музыка ідзе аднекуль з глыбіні душы, ад сэрца, і тут большую ролю адыгрывае эмацыйны план, чым інтэлектуальны. Калі я выхожу і граю на сцэне, я не збіраюся ацэньваць,  па нашым слухачам, наколькі яны разумныя. Музыка павінна быць для ўсіх, і не павінна быць звязаная з інтэлектам. Інтэлект аддаляе нас ад сапраўднай музыкі.

 

Дэні, перкусіяніст:


– Многія часам кажуць: я не разумею джаз. Я ў такіх выпадках адказваю: не трэба яго разумець. Трэба ўсё адпусціць і даць джазу свабодна захапіць вас. Тады з часам вы пачнеце яго адчуваць. Але гэта не азначае, што яго трэба спрабаваць зразумець.


 Grodno Jazz 2015: ад класікі джазу да амерыканскага рок-н-ролу 

 

Grodno Jazz 2015: лепшы трубач Еўропы, зорка Гродна першай велічыні і яскравы джэм-сейшн